Шаноўны Яўген, сапраўды такая рэч, як "ЗАРУЧЫНЫ" мае сваё пачэснае месца ў жыцці Касцёла, праўда і тое, што яны не з'яўляюцца абавязковымі. Аднак жа варта зазначыць, што айцы ІІ Ватыканскана Сабору заклікалі да таго, каб Сакрамэнту Сужэнства папярэднічаў час добрапыстойных заручынаў (Gaudium et Spes п.49 - Пастырская канстытуцыя "Радасць і Надзея" аб Касцёле ў сучасным свеце).
Тэрмін "Заручыны" паходзіць ад слова рука і азначае прасіць рукі. Іншымі словамі, гэта выказванне свайго намеру звязаць сваё жыццё і заключыць сужэнства з асобай, з якой чалавек заручаецца. Гэта пэўны час (больш-менш поў года) супольнай падрыхтоўкі да заключэння Сакрамэнту Сужэнства. Падчас заручынаў звычайна ў гісторыі адбывалася і знаёмсіва сем'яў бакоў, якія заручаюцца і часта былі случаны з узаемным адорваннем падарункамі (сёння захавалася форма абмену пярсцёнкамі). Варта зазначыць, што "заручыны", гэта не новая з'ява, яна была вядомая ўжо ў Старым Запавеце (Другазаконне 22, 23), у старажытнай Грэцыі і Рыме, і менавіта з Рыму Касцёл прыняў ужо сфарміраваную практыку.
Форма заручынаў (як павінны адбывацца) залежыць ад пастановаў мясцовай Канферэнцыі біскупаў (Кодэкс Кананічнага Права, кан.1062, пар 2). Абрад заручынаў таксама распрацаваны і для Касцёла ў Беларусі і яго можна знайсці ў выданым у 2010 годзе Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Беларусі "Рымскі рытуал. Парадак цэлебрацыі Сужэнства" на стар. 155 (святар павінен ведаць, што гэта за рытуал).
Заручыны не з'яўляюцца сакрамэнтам і таму бакі, якія заручаюцца не маюць сужэнскіх правоў да супольнага жыцця, якія вынікаюць менавіта з Сакрамэнту Сужэнства. Паўтаруся, гэта - час падрыхтоўкі да сакрамэнту. Заручына - гэта выказванне намеру і благаслаўленне на добрую справу. Яны могуць адбывацца ў бацькоўскім доме, але таксама і ў святыні. Заручыны павінны адбывацца асобным абрадам і не могуць спалучацца са святой Імшой. Абрадам заручынаў, калі яны адбываюцца ў бацькоўскім доме, можа кіраваць адзін з бацькоў, але калі прысутнічае святар кіраванне даецца яму.
Час заручынаў - гэта перыяд пазнання адно аднаго, час на тое, каб пераканацца ў тым, што я змагу ісці па жыцці з гэтым чалавекам.
Нажаль колькасць літаратуры на беларускай ці рускай мовах на гэтую тэму абмежаваная. Пачытаць пра заручыны можна ў наступных выданнях:
Сайнок Барбара, ПАКЛІКАНЫЯ ДА ЛЮБОВІ, КАТЭХЭЗЫ ДЛЯ НАРАЧОНЫХ, выд. Про Хрысто, Мінск 2008.
РЫМСКІ РЫТУАЛ. ПАРАДАК ЦЭЛЕБРАЦЫІ СУЖЭНСТВА, выд. Про Хрысто, Мінск 2010
Акрамя гэтага ў інтэрнэце вельмі шмат матэрыялаў на замежных мовах.
З Богам. Супакою і Дабра вам і вашым блізкім.

