Ці вы бывалі калі-небудзь на Святой Зямлі? У Бэтлееме, Назарэце, Ерузалеме? А вось нашыя маленькія парафіяне, якія вырушылі на «Канікулы з Богам» былі. І хоць пры гэтым яны не пакідалі лагера ў вёсцы Ляскоўка, гэта было сапраўднае падарожжа.

Тур - гэта не жывёла

Jan.by вырашыў правесці з дзецьмі адзін дзень, каб на сабе адчуць усе асаблівасці гэтай незвычайнай прыгоды. Ужо з раніцы было бачна, што нас чакая спёка, будзе горача як у Егіпце. І сапраўды ў гэты дзень «Тур-канікулы» прыехалі ў Егіпет — краіну, куды Юзаф з Марыей і Езусам уцяклі ад пераследу Ірада.

Сястра Кляра тлумачыць, што галоўная ідэя — вандроўка з Маці Божай па месцах, якія звязаны з Маці Божай і Езусам: «Важна, каб гэтае падарожжа было спалучана са Словам Божым, таму кожны дзень чытаецца адпаведны ўрывак з Евангелля. Вандруючы па розных гарадах нараджаюцца галоўныя думкі. Напрыклад, у першы дзень у Назарэце, калі анёл прыйшоў да Марыі — гэта былі добрыя словы. На працягу дня дзеці казалі шмат добрых слоў адно аднаму, аніматарам і гэта было крута».

Каманды

Усе дзеці падзяліліся на каманды. Кожны дзень у іх ёсць розныя абавязкі, кожная каманда за нешта адказвае. Хтосьці за Літургію, хтосьці за малітву на працягу дня, хтосьці за прыбіранне і парадак. Кожная каманда мае свой колер, дзеці самі прыдумалі назвы і дэвізы. Таксама прыдумалі альбо ўспомнілі песню, якая больш пасуе.

— Мы «Зялёныя падарожнікі», — кажа Злата Цвірко, — мы выбралі сабе такую назву, таму што мы падарожнічаем з Маці Божай па Святой Зямлі.

— Мы назвалі сваю каманду «Рыцары Беззаганнай» таму, што мы і ёсць рыцары, мы як прыслужнікі Марыі, — дзеліцца Юра Пукіта, — Мы перамагаем грэх, гаворым, што так неправільна рабіць і кажам як правільна. Адкуль ведаем што правільна? Каго слухаем? Марыю!

— А мы «Блакітныя анёлы» — служым Богу і дапамагаем людзям, — падхоплівае Арцём Чаган.

— Мы «Залатыя Сябры». Мы хочам на «Канікулах з Богам» пасябраваць і нашу дружбу ўзмацніць», — кажа Карына Клімовіч, а Данііл Петрашкевіч дадае: «Так, наш дэвіз — Каждого берём в друзья, чтоб большой была семья!»

Кожная каманда вядзе свой альбом. На працягу дня юныя вандроўнікі запісваюць у альбом назву города і нейкія думкі ці ўражанні якія больш запомніліся, альбо робяць малюнкі. Таксама кожная каманда зрабіла алтарык для Марыі.

Давер

Пасля руханкі і смачнага сняданка ідзём на катэхезу, якую праводзіць сястра Кляра. Сёння мы прыбылі ў Егіпет. Усе хлопцы і дзяўчаты ў сваіх тур-білетах атрымалі адпаведны штампік (як у пілігрымцы ў Санцьяга-дэ-Кампастэла) і цяпер знаёмяцца з невядомай краінай. Невядомай яна была і для Святой Сям'і. Сястра Кляра распавядае і паказвае на слайдах пра быт і культуру тагачаснага Егіпта і прапануе задумацца над урыўкам з Евангелля, які перад гэтым пачулі. Ці лёгка было Юзафу вырашыцца на небяспечнае падарожжа? Ці ён ведаў што Святую Сям'ю чакае ў незнаёмай краіне? Трэба было мець вялікі давер да Бога, каб паступіць згодна з Яго воляй. Дзеці разважаюць аб гэтым. А каму яны могуць давяраць? Богу? Бацькам? Настаўнікам? Давер — галоўнае слова на сёння.

Аніматары

Упільнаваць 45 дзяцей ад 1 да 5 класа справа непростая. Гэтым займаюцца сямёра дарослых — брыгада з цэлай іерархічнай структурай.

На чале стаіць ксёндз Уладзімір, яму дапамагаюць сёстры Кляра і Агнешка. Як высветлілася, сёстры маюць ужо амаль дваццацігадовы досвед служэння, але як заўважыла сястра Кляра, «чым далей, тым больш адчуваеш сваю адказнасць».

Непасрэдна камандамі апякуюцца чатыры аніматары: Алена Манчынская, Ганна Маісеева, Паліна Маісеева і Паліна Ручан.

Пра абавязкі аніматараў распавядае Паліна Ручан: «Першае, вядома, гэта бяспека. Каб нікуды не ўлезлі, нічога не здарылася. Наступнае — праца ў групах. Я для сябе ставіла задачу з'яднаць каманду, каб яны пазнаёміліся, былі разам. За першыя два дні гэта ўдалося. Вельмі матывуюць класныя конкурсы, «мае» ад эстафеты былі ў захапленні — гэта першая іх перамога ў Вялікай гульні. На сустрэчах у групах мы молімся на пачатак, потым размаўляем. Дзеці задаюць пытанні адносна тэмы дня, па катэхезе, якую праводзіць сястра Кляра».

«Кожны вечар мы падсумоўваем балы, — далучаецца да размовы сястра Агнешка, — за паводзіны, камандны дух, Вялікую гульню. Лепшая каманда атрымлівае анёлка, які ставіцца на алтарыку і сведчыць, што каманда была лепшай. А на наступны дзень анёлак можа перайсці да іншай каманды ці застацца».

Малітва

Пасля працы ў групах сонца ў зеніце. Хутка абед, але перад ім вельмі важны пункт распарадку дня — Святая Імша.

Задаём маленькім вернікам правакацыйнае пытанне: а ці абавязкова на канікулах Імша, навошта яна? У вачах здзіўленне, быццам іх спыталі пра нешта відавочнае, што немагчыма не ведаць.

Вера Сцішэўская: «Імша патрэбна каб умацаваць нашу веру».

Арцём Чаган: «Каб нас абаранялі Бог і Марыя».

Данііл Петрашкевіч: «Таму што гэта канікулы менавіта з Богам, а не проста звычайны лагер. Адну гадзіну пабыць на Святой Імшы — гэта вельмі мала, у нас цэлы дзень ёсць, у нас на ўсё ёсць час».

Аня Вянско: «Імша ў нас не займае часу, не перашкаджае, гэта ж не цяжар нейкі, а наадварот. Імша нам прыносіць радасць таму, што мы сустракаемся з Езусам».

«Імша, вяночак да Божай Міласэрнасці і іншыя набажэнствы, Вялікая гульня, Вясёлы вечар — праз гэта ўсё імкнёмся дасягаць мэты, якія ставім, — запэўнівае ксёндз Уладзімір, — Бацькі давяраюць нам дзяцей на гэты час, хочам каб яны адпачылі не толькі фізічна, але і духоўна, але таксама і ўзраслі. Вера, Пан Бог, сяброўства — гэта важнае».

Арцём

У суседнім доміку жывуць з бацькамі дзеці хворые на рак. Яны тут на час лячэння. Зазвычай іх не пускаюць гуляцца з іншымі, бо ў іхнім стане любая інфекцыя можа стаць лёсавызначальнай. Але маленькага Арцёма пускаюць. Ён пасябраваў з нашымі дзецьмі. Асабліва яму спадабалася каманда «чырвоных». Парафіяльныя дзеці ведаюць, што Арцём хворы і стараюцца быць уважлівымі да яго, прымаюць у свае гульні, каб падчас хваробы ён адчуваў і радасць, а не адныя толькі пакуты.

У другой палове дня ўсіх чакаў сюрпрыз. Да нас завітала шэф «Божых каровак» Ангеліна Гуд, каб правесці квэст. Ох, як жа камандам давялося пастарацца, каб яго прайсці! Тут сапраўды быў патрэбны камандны дух і зладжаныя дзеянні. Нарэшце моцны дождж спыніў гульню і падвёў вынік: хоць не ўсе былі аднолькавыя, але ўсе перамаглі, бо кожны нечаму навучыўся.

Зоркі

На сёння запланаваны не проста Вясёлы вечар, а цэлае шоў — «Шоў талентаў». А таленты ў нас ёсць! Для многіх удзел у гэтым конкурсе меў вялікае значэнне: некаторыя пачалі рыхтавацца да яго амаль ад таго моманту, як завяршыўся папярэдні. Напрыклад, Ева Гардынец і сёстры Цвірко рыхтавалі свой танец амаль поў-года. Спецыяльна каб пабачыць прадстаўленне прыехалі з Мінска ксёндз Алег і парафіяльная моладзь.

Усе ўдзельнікі паказалі вельмі высокі клас. Асабліва адзначым неверагодны мастацкі ўзровень малюнкаў Насці Паталей і Ані Басько, прыгожа спявалі сёстры Манчынскія, Ксюша Луцэнка, уразіла сваім танцам Сафія Селівоха. Нашы таленавітыя дзеці, як сапраўдныя зоркі, «зажглі» сённяшні вечар.

На канец молімся разам у коле. Перапрашаем за ўсё дрэннае, дзякуем Богу за ўвесь дзень. У вечаровай цішыні гучыць спакойны спеў. Святары благаслаўляюць хлопцаў і дзяўчат, і ўсе жадаюць адно аднаму спакойнай ночы.

А заўтра будзе новы дзень, новыя ўражанні, новыя прыгоды ў вандроўцы разам з Марыяй. Бо «Нас Марыя запрашае, на дарогу бласлаўляе, турканікулы ў нас, з Богам крочым кожны час!»

Тэкст і фота Віталія Палінеўскага