6 жніўня ў свята Перамянення Пана наша парафія гасціла ксяндза Францішка Галдыся, хрыстусоўца, які адзначыў 50-ці годдзе святарскіх пасвячэнняў. Святар 18 гадоў служыў у Беларусі ў вёсцы Суботнікі (Гродзенская дыяцэзія).

На святой Імшы прысутнічалі таксама і былыя парафіяне, якія спецыяльна прыехалі ў Мінск, каб разам маліцца і дзякаваць Богу за дар паклікання ксяндза Францішка. Цяпер святару 76 гадоў, ад 2014 года ён працуе ў Польшчы.

Падчас душпастырскай дзейнасці на беларускіх землях ксёндз Францішак асаблівую ўвагу звяртаў на сем’і і стараўся клапаціцца пра іх. За доўгія гады руплівай працы ў Суботніках паўстала суполка руху Equipes Notre-Dame, группа АА. Таксама ў Жамыслаўлі, другой па колькасці вернікаў вёсцы ў парафіі, дзякуючы намаганням святара паўстала капліца. Не забываў святар і пра новыя пакліканні да святарства: дапамагаў маладым хлопцам распазнаць свой шлях, а таксама падтрымліваў тых, хто абраў гэтую дарогу.

«Гэта першы хрыстусовец, якога я сустрэў, менавіта ён упершыню мяне спавядаў і ўдзяляў Святую Камунію, — успамінае кс. Уладзімір Марушэўскі SChr, — Памятаю, я быў на практыцы ў Суботніках на велікодныя святы ў 2011 годзе. Гэта было на 4 курсе семінарыі. Калі мы развітваліся, ксёндз Францішак моцна сціснуў маю далонь і гледзячы ў вочы сказаў: “Валодзя, давярай Езусу на ўсе 100%, тады тваё святарства, да якога рыхтуешся, будзе прыгожае і будзе мець сэнс”. Гэтыя словы тады запалі ў сэрца, а сёння як святар, я ўсё больш спасцігаю іх праўдзівасць».

Напрыканцы Эўхарыстыі юбіляр звярнуўся да вернікаў са словамі падзякі:

«Слова, якое цяпер маю ў сэрцы — гэта слова “дзякуй”. Дзякуй усім, за запрашэнне і за тое, што я мог разам з вамі маліцца, дзякую ўсім прысутным. Я не спадзяваўся такой урачыстаці. 18 гадоў — гэта шмат, за тыя гады я ўдзячны Богу, гэта быў шчаслівы час у маім святарстве.

Пан Бог даваў шмат цяжкасцей, але я лічу, што цяжкасці — гэта вялікая Божая ласка. Святарства тады мае вартасць і дае найбольш шчасця, калі на яго дарозе шмат цяжкасцяў. Бо калі святарства “выгаднае” — гэта не святарства. Яно цудоўнае тады, калі цяжкае. Я не раблю з сябе мучаніка, але Пан Бог даваў шмат момантаў, калі трэба было Яму цалкам даверыцца і ўсё аддаць. Але ні на секунду я не сумняваўся ў абранай дарозе».


Карыстаючыся нагодай, мы вырашылі распытаць ксяндза пра служэнне ў Беларусі і пра яго шлях да святарства.

— Ці памятаеце свой першы дзень у Беларусі, калі толькі прыехалі? Якія былі першыя ўражанні і думкі?

— Гэта было 6 верасня 1996 года, пятніца. Мы прыехалі ўвечары, у суботу мінулы пробашч паказаў мне парафію, а гэта было амаль 40 вёсак. А ў нядзелю пасля абеду я ўжо застаўся адзін. Нікога не ведаў, як жа тут быць? Цяжка было. Я не разумеў беларускай мовы. Памятаю, як адна дзяўчына прынесла мне зборнік беларускіх казак, і вось так я пачаў вывучаць беларускую мову.

— А ці памятаеце, той момант, калі Вы даведаліся, што паедзеце служыць менавіта ў Беларусь? Ці не пужала Вас новае прызначэнне?

Я хацеў ехаць на Усход. Мне было 40 гадоў і на той момант я ўжо 14 гадоў працаваў у Польшчы. Але я думаў пра Украіну. Я нават там быў, ужо ведаў месца, дзе буду служыць. Прыехаў дадому, каб забраць рэчы, а тут мяне выклікаюць, і генеральны вікарый кажа: «Трэба ехаць у Беларусь» (усміхаецца — рэд.).

Гэта быў шок. Ніякіх уяўленняў пра краіну ў мяне не было. Я ніколі раней не быў тут, але мне спадабалася.

— Якім быў Ваш шлях да святарства?

— Калі я скончыў пачатковую школу (на той момант у Польшчы гэта было 7 класаў — рэд.) я не ведаў куды ісці. Мне параілі пайсці вучыцца на шахцёра, бо яны добра зараблялі, і я паступіў у тэхнікум. Я ж хацеў адразу пасля 7-га класа ісці да бэрнардынаў, пасля былі езуіты і аблаты. Але мяне нідзе не бралі, казалі, што трэба было атрымаць сярэднюю адукацыю, а пасля — прыходзь. У апошнім класе тэхнікума я сустрэў прыяцеля, які распавёў мне пра хрыстусоўцаў. І я пайшоў да іх.

— Падчас працы ў Беларусі Вы праводзілі рэкалекцыі для алюмнаў і семінарыстаў Гродненскай духоўнай семінарыі. Цяпер з’яўляецеся духоўным айцом ў навіцыяце ў Польшчы. Дайце, калі ласка, якую-небудзь параду тым, хто цяпер знаходзіцца ў дарозе да святарства.

— Трэба любіць Езуса і людзей. Езус павінен стаць найбольшай вартасцю і ўсё трэба рабіць для Яго. Калі ж я не буду любіць людзей, па прымусе не атрымаецца добра працаваць. Трэба служыць са шчырым сэрцам, трэба служыць з любоўю. Таксама трэба шмат пакоры, бо не ўсё так ідзе так як мы сабе прыдумалі. І малітва, без малітвы таксама нікуды… Тут можна шмат казаць…

— Якія ўспаміны пра Беларусь? Што Вы ў сэрцы забралі з сабой?

Людзі з вялікім сэрцам. Я радаваўся, што я магу служыць такім людзям. Яны столькі перажылі падчас камунізму, але вытрывалі ў веры. Вось гэтыя людзі і стаяць у мяне перад вачама, калі я ўзгадваю пра працу ў Беларусі.

— Напрыканцы, хочам папрасіць Вас сказаць некалькі словаў не толькі для нашых парафіянаў, але і для ўсіх, хто будзе чытаць гэты артыкул.

— Не паддавайцеся спакусе і не адыходзьце ад Хрыста, не ідзіце за тымі справамі, якія хочуць нас знішчыць, знішчыць нашае сумленне, знішчыць чалавека знутры, знішчыць сям’ю. Трывайце пры Езусе!

Хочацца таксама адзначыць, што для нашых святароў ксёндз Францішак з’яўляецца вельмі выразным прыкладам радаснага манаскага і святарскага жыцця, прыкладам ахвярнага служэння і вернасці, любові да Езуса і Касцёла. Яны кажуць: «Ксёндз Францішак наш сабрат, якому мы давяраем і ганарымся тым, што мы разам з’яўляемся часткай адной манаскай сям’і хрыстусоўцаў».

Разам са святарамі, законнымі сёстрамі і ўсімі парафіянамі далучаемся да віншаванняў юбіляра і атуляем малітваю.

Алена Кот,
фота Міколы Новікава