ПАСЛАННЕ з нагоды малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння Божай Міласэрнасці і Беззаганнаму Сэрцу Марыі Мінска-Магілёўскай мітраполіі ў 2025-м – Юбілейным годзе хрысціянства.
Міласэрнасць Божая, якая сыходзіць з Сэрца Езуса, давяраем Табе…

Вашы Эксцэленцыі, паважаныя святары, шаноўныя кансэкраваныя асобы, любыя вернікі Мінска-Магілёўскай мітраполіі!
Душпастырскі 2023-2024 год у Касцёле на Беларусі быў прысвечаны ўдзячнасці Маці Божай за Яе нястомную апеку над нашай краінай і за шчодрасць атрыманых ласкаў, а таксама стаў годам перапрашэння Найсвяцейшага Сэрца Езуса і падрыхтоўкай да прысвячэння Яму нашага Касцёла на Беларусі.
Гэтая гістарычная падзея адбылася 6 ліпеня. Менавіта падчас урачыстасці Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі, была здзейснена інтранізацыя Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Прысвячэнне Каталіцкага Касцёла на Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса стала падзякай за атрыманыя ласкі, перапрашэннем і ўміласціўленнем за ўчыненыя грахі, просьбай аб умацаванні веры і любові. Такім чынам, зроблены першы важны крок, які сведчыць, што мы клапоцімся пра нашую вечнасць. І цяпер мы ўсе — біскупы, прэзбітэры, кансэкраваныя асобы, удзельнікі рэлігійных рухаў, вернікі ўсіх узростаў і асабліва нашая любая моладзь, абавязаны зрабіць наступнае дынамічнае крочанне: пачаць выконваць тое, што мы абяцалі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса і Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Па-першае, трэба старацца быць вернымі Хрысту і з дапамогай Найсвяцейшай Маці ісці да святасці. А ў гэтым нам дапаможа рахунак сумлення (пажадана штомесяц), удзел у Эўхарыстыі, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, чытанне Святога Пісання, духоўныя практыкаванні. Па-другое, належыць выконваць тыя практыкі ўміласціўлення, аб якіх просіць наш Збаўца: малітва ў першы чацвер месяца, у першую пятніцу і ў першую суботу, а таксама прысвяціць сябе, сваю сям’ю (хто яшчэ гэтага не зрабіў) Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, стаць Яго шанавальнікамі.
Наступны 2025 год Апостальская Сталіца абвясціла Святым годам, спецыяльным дэкрэтам надаючы пэўныя прывілеі (з імі можна пазнаёміцца на каталіцкіх інтэрнэт-старонках catholicminsk.by, catholic.by, ave-maria.by). Мэта кожнага юбілею хрысціянства — ажывіць і паглыбіць нашую веру, дапамагчы людзям знайсці Хрыста, асэнсаваць сваё жыццё і распазнаць місію, якую даручае Бог кожнаму з нас. Дзякуючы падрыхтоўцы да гэтага юбілею мы павінны глыбей усвядоміць галоўную сутнасць хрысціянства, якая заключаецца ў Божай любові і міласэрнасці, што «сыходзіць з Найсвяцейшага Сэрца Езуса». Такім чынам, наступны год будзе для нас своеасаблівым працягам года ўміласціўлення Найсвяцейшага Сэрца Езуса, «бо ў Пана міласэрнасць і шчодрае ў Яго адкупленне» (Пс 130).
Мае дарагія, 2025 год будзе для ўсіх нас напамінам пра бясконцую Божую міласэрнасць, бо менавіта ў наступным годзе спаўняецца 90 гадоў асаблівай малітве-просьбе да Бога — Вяночку да Божай Міласэрнасці, які падыктаваў св. с. Фаўстыне сам Езус, заахвочваючы маліцца яго, каб ратаваць грэшнікаў. Дзякуючы малітве Вяночка, як сказаў Пан Езус с. Фаўстыне, улагоджваецца Божы гнеў і праліваюцца неабходныя і шчодрыя ласкі. Святая Фаўстына, якой у наступным годзе спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння, піша ў Дзённіку, як Езус падкрэсліў: «Скажы, што міласэрнасць — гэта найвялікшая ўласцівасць Бога… Чалавецтва не знойдзе супакаення, пакуль не звернецца з даверам да Маёй міласэрнасці…» (Дз., 300-301). Таму стараймася як мага часцей звяртацца да гэтай малітвы як «начыння бязмежнай Божай Міласэрнасці», якая з’яўляецца крыніцай надзеі і спакою. Непакоячыся за лёс свету, Папа Ян Павел ІІ яшчэ ў 1980 г. пісаў: «Неабходнасць гэтых пераломных і цяжкіх часоў патрабуе яшчэ раз адкрыць у тым самым Хрысце аблічча Айца, які ёсць Айцом міласэрнасці і Богам усялякага суцяшэння» (Dives in misericordia, 1).
Таму, усведамляючы небяспечныя выклікі сучаснасці, і ідучы насустрач юбілейнаму году хрысціянства, па ініцыятыве нашай архідыяцэзіі з 5 кастрычніка 2024 года да 7 чэрвеня 2025 года ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе плануецца праводзіць малітоўную падрыхтоўку да прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі, усяго Каталіцкага Касцёла ў Беларусі Божай Міласэрнасці і Беззаганнаму Сэрцу Марыі.
Асноўным днём, прызначаным для супольнай цэлебрацыі Эўхарыстыі і набажэнства да Божай Міласэрнасці будзе кожная першая субота месяца на працягу ўсяго перыяду падрыхтоўкі да ўрачыстасці ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе, якая адбудзецца 5 ліпеня 2025 г.
Дарагія браты і сёстры! Шчыра запрашаю і заахвочваю манаскія, рэлігійныя супольнасці і рухі, любую моладзь і ўсіх вернікаў да гэтай малітоўнай акцыі, падчас якой будзем дзякаваць за 2025 гадоў хрысціянства і перапрашаць Бога за грахі свету. Праз набажэнства да Божай Міласэрнасці будзем выпрошваць у Міласэрнага Бога літасці для свету і нашай краіны, для ўсіх нас, нашых сем’яў і супольнасцяў, будзем прасіць аб спакоі ў свеце, давяраючы Яму лёс свету і лёс кожнага чалавека.
Заахвочваю ўсіх вернікаў распаўсюджваць культ Божай Міласэрнасці, бо з ім звязаны пэўныя абяцанні Хрыста: «Душы, якія пашыраюць пашану Маёй міласэрнасці, Я ахоўваю ўсё жыццё, як чулая маці сваё немаўля, а ў гадзіну смерці Я буду для іх не Суддзёю, а міласэрным Збаўцам» (Дз., 1075).
Сутнасцю культу Божай Міласэрнасці з’яўляецца хрысціянскі давер у адносінах да Пана Бога і дзейсная любоў да бліжніх. Пан Езус жадае даверу ад сваіх стварэнняў (Дз., 1059) і здзяйснення справаў міласэрнасці: учынкам, словам або малітваю. «Ты павінна заўсёды і ўсюды праяўляць міласэрнасць да бліжніх, — гаворыць Ён с. Фаўстыне, — ты не можаш ад гэтага ані ўхіліцца, ані адмовіцца, ані адрачыся» (Дз., 742). Хрыстус прагне, каб Яго шанавальнікі на працягу дня здзейснілі хаця б адну справу любові да бліжняга з любові да Яго. Распаўсюджванне ўшанавання Божай Міласэрнасці не вымагае шмат словаў, але заўсёды — хрысціянскай пазіцыі веры, даверу да Бога і імкнення быць усё больш міласэрным. Прыклад такога апостальства давала ў сваім жыцці сястра Фаўстына.
Умілаваныя браты і сёстры, мы ўсведамляем, што толькі Бог можа змяніць ход нашай гісторыі, спыніць распаўсюджванне цывілізацыі смерці, абудзіць у людзей прагненне будаваць новы, лепшы свет, які будзе падабацца Найсвяцейшай Тройцы. Таму, словамі святой с. Фаўстыны просім Пана Бога: «Ойча Спрадвечны, глянь вокам міласэрнасці асабліва на бедных грэшнікаў і на ўсё чалавецтва, укрытае ў найлітасцівейшым Сэрцы Езуса, і дзеля Яго балеснай мукі акажы нам сваю міласэрнасць, каб мы праслаўлялі ўсемагутнасць Твёй міласэрнасці на векі вечныя» (Дз., 1211).
На час малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння Божай Міласэрнасці і Беззаганнаму Сэрцу Марыі Мінска-Магілёўскай мітраполіі ад усяго сэрца благаслаўляю. + У імя Айца +і Сына +і Духа Святога. Амэн.

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі


Мінск, 27 верасня 2024 г.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.