Падчас летніх канікулаў скаўцкія адзінкі нашай парафіі перажылі розныя актыўнасці і прыгоды.

Наймалодшыя хлопцы праз увесь летнік вучыліся трымаць сваё слова. І таксама прыходзіць на дапамогу да бліжніх, хаця ж не заўсёды атрымоўвалася не чакаць, пакуль папросяць, а заўважаць патрэбы іншых. Акела прапанаваў ваўчанятам кожны дзень прысвячаць трохі часу на штосьці асабліва важнае. Гэта дапамагло ваўчанятам зразумець, што нават малое штодзённае дзеянне можа даць вялікія плёны ў жыцці.

  

Сёлетняя тэма ў наймалодшых дзяўчат — «Хараство прыроды ў табе і вакол цябе». Дзякуючы шэфам гэты час у Божых каровак быў насычаны і развівальны. Дзяўчаты надоўга запомняць час свайго адпачынку і дэвіз «Хараство заўважаць ў кожным стварэнні, каб Бога пазнаць у прыгожым імгненні».

Падчас летняга палёту Божыя кароўкі разважалі пра хараство сваёй душы, мовы, учынкаў, думак, пра тое, што мы павінны рабіць усё прыгожа для Бога, шчыра і з радасцю. Разважалі пра прыгажосць цела і Зямлі, пра любоў, з якой Гасподзь усё стварыў, пра нашае пакліканне шанаваць сябе і прыроду, каб яшчэ мацней праслаўляць Пана.

Скаўты акунуліся ў сусвет "Уладару пярсцёнкаў", каб пазнаць тэму гэтага года — «Хто вытрывае да канца, будзе збаўлены» (Мц 10, 22).

Юнакі навучыліся спяваць сталыя часткі Святой Імшы на лацінскай мове, перажылі прыгоду на байдарках і здзейснілі пілігрымку да месца мучаніцтва благаслаўлёных айцоў Ахілеса і Германа.

Дзяўчаты перажылі найгалоўнейшую падзею ў скаўцкім годзе ў духу сястрынства і любові.

«Шлях дзявочы раскрывае вочы» — тэма сёлетняй вандроўкі, падчас якой правадніцы імкнуліся глыбей паглядзець на скаўцкае абяцанне, на сэнс служэння ў Касцёле і FSE. Сапраўдным рахункам сумлення для ўдзельніц вандроўкі стала разважанне над скаўцкім законам праз прызму сваёй паўсядзённасці.

Для ўсіх дзяўчын вандроўка-2024 была апошняй у вогнішчы маладых правадніц. Вынікам працы года стала адно абяцанне і ўручэнне жоўтай стужкі.

Фота: Шэфы адзінак

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.