Першая акцыя Бэтлеемскага святла міру праводзілася ў 1986 годзе. Тады прадстаўнікі Аўстрыйскай тэлерадыёкампаніі ўпершыню даставілі запаленую на месцы Нараджэння Хрыста ў Бэтлееме лампаду, каб падтрымаць хворых і самотных людзей напярэданні свята Божага Нараджэння. Гэтую ініцыятыву падхапілі аўстрыйскія скаўты.

Ужо праз год перадсвяточная акцыя стала міжнароднай. На афіцыйным ўзроўні акцыю перадачы Бэтлеемска агню падтрымліваюць як кіраўнікі хрысціянскіх цэркваў Еўропы, так і прадстаўнікі дзяржаўных уладаў розных краін.

Упершыню ў Мінск Бэтлеемскі агонь быў дастаўлены на Каляды 1994 года. У 1998 годзе полымя Бэтлеемскага агню было педадзена ў 22 краіны Еўропы, сярод якіх была і Беларусь. У 2008 годзе да акцыі ўпершыню далучыліся скаўты з каталіцкіх парафіяльных супольнасцяў Беларусі. У 2022 годзе гісторыя распаўсюджвання агню па Беларусі працягваецца, дзякуючы актыўнасці скаўтаў і скаўтак. 

Шэфы скаўцкіх адзінак нашай парафіі падзяліліся сваімі думкамі пра гэтую акцыю.

Валерый Шымак, шэф зграі ваўчанят:

«‎Мы, ваўчаняты, звычайна кіламетры не лічым, нашыя некалькі дзясяткаў кіламетраў у параўнанні са скаўцкімі тысячамі, як кажуць, надвор'я не зробяць. 

Асноўны абавязак ваўчанят — разам з Божымі кароўкамі даставіць і ўрачыста ўнесці Бэтлеемскі агонь у галоўную святыню нашай архідыяцэзіі. 

І тут без нас не абыйсціся, бо большасць скаўтаў і скаўтак знаходзяцца на маршрутах, і мы застаёмся ў горадзе найбольш вялікай скаўцкай адзінкай. Звычайна нас разам з шэфамі збіраецца каля 30 чалавек, у гэтым годзе трохі менш — каля 20, бо частка зграі хварэла.

Дарэчы, у гэтым годзе, як і ў мінулым, агонь у Мінскай катэдры сустракаў арцыбіскуп мітрапаліт Юзаф Станеўскі.

Таксама наша зграя разам з Божымі кароўкамі ўжо некалькі гадоў заносіць агонь у парафіі на Сухарава і Кальварыі. Ну і, канешне, мае гонар заносіць агонь урачыстай працэсіяй да нас, у родную каплічку.

Яшчэ двое шэфаў зграі дапамагалі коп'ям развозіць агонь міру і супакою па маршрутах Беларусі, праехаўшы разам з імі не адну сотню кіламетраў»‎.

Ірына Гардынец, шэф кола Божых каровак:

«‎Бэтлеемскі агонь — гэта вельмі прыгожы і кранальны сімвал надыходзячага Божага Нараджэння. Сімвал таго, што нават маленькая іскрынка можа ператварыцца ў палымнеючы агонь любові да Езуса і бліжніх.

І Божыя кароўкі, дзяўчынкі 8-11 год, радасна, з захапленнем і шчырым жаданнем вязуць агонь з Бэтлеема людзям. Так, недалёка (у параўнанні з межамі агульнага распаўсюджвання), але я захапляюся, што яны прыходзяць у нядзелю зранку, калі можна было б паспаць даўжэй. Яны хочуць прыняць удзел у акцыі, дапамагчы, паказаць сваё жаданне і ахвоту служыць з усмешкай і радасцю»‎.

Андрэй Рамашка, звязовы 1-га Мінскага звяза св. Яна Паўла ІІ:

«‎У гэтым годзе скаўты нашага звяза праехалі з Бэтлеемскім агнём больш за 2400 кіламетраў, наведалі каля 30 парафій, перажылі класныя прыгоды і больш зведалі нашу Беларусь.

Суботнім ранкам з Мінска раз’ехаліся ў розныя бакі чатыры кап’і: Арол паляцеў на Гомель, Сокал — на Мазыр, Крумкач быў на паўночнай Беларусі (дзе ўпершыню перадаў Бэтлеемскі агонь Полацкай зграі ваўчанят). А Бабёр быў блізка ад Мінска — Узда, Капыль, Клецк і Нясвіж. Кожнае кап’ё перажыло свой маршрут унікальна: хтосьці атрымаў шмат цукерак, хтосьці шпацыраваў з керасінкамі і святаром познім вечарам на заснежаным беразе Лукомскага возера, хтосьці каля 100 кіламетраў цягнуў машынай на буксіры аўто, якое зламалася, хтосьці, пакуль ехаў, знайшоў сабе яшчэ адну кропку маршрута, дзе быў вельмі гасцінна прыняты. А тыя, у каго не атрымалася паехаць на маршрут, былі вечарам у катэдральным касцёле падчас сустрэчы Агню мітрапалітам Юзафам.

У нядзелю Бэтлеемскае святло развозілі па Мінску і бліжэйшых ваколіцах; пры гэтым упершыню скаўты ўнеслі яго ў Хрысціянскі сацыяльны цэнтр, у парафіі ў Ждановічах і Зялёным Лузе.

Усюды скаўтаў сустракалі ветліва, з радасцю і чаканнем, частавалі гарбатай, часамі абедам або вячэраю.

Фіналам можна назваць візіт скаўтаў з Бэтлеемскім агнём на плябанію касцёла святых Сымона і Алены увечары аўторка. Пасля малітвы хлопцы былі запрошаныя на гарбату. Цікавы факт: там, на плябаніі, цяпер гараць два агні: адзін быў прывезены ў гэтым годзе, а другі, запалены звязам у мінулым, — пратрываў праз увесь год, па словах пробашча, яны будуць гарэць так прынамсі да Грамніц»‎.

 

Анастасія Вайткевіч, звязовая 2-га Мінскага звяза св. Барбары:

«‎У гэтым годзе арганізацыя дастаўкі Бэтлеемскага агню была для мяне крыху іншай, асаблівай, таму што я адказвала за яе ўжо не як кап’явая, а як звязовая. Цікавы вопыт. Сёлета наш звяз у складзе чатырох коп’яў адправіўся па маршрутах у чатырох напрамках. Усяго дзяўчаты праехалі 1429 км і падарылі святло радаснага чакання нараджэння Хрыста 24 парафіям! Для нас вялікі гонар несці гэтае служэнне!»‎

Маргарыта Капуста, шэф вогнішча маладых правадніц:

«‎Маршрут вогнішча быў такім, як і ў мінулым годзе, толькі абнавіўся склад удзельніц акцыі.

Пры падрыхтоўцы маршрута я заўважыла цікавую рэч: на мапе пракладзены шлях мае форму сэрца. Гэта мяне вельмі ўразіла. 

Першапачаткова з-за адсутнасці транспарту і маёй загружанасці на працы маршрут мы былі вымушаны падзяліць на два дні: 17-га і 18-га снежня. 

Дзяўчаты падзяліліся думкамі, што ў гэтым годзе больш адчулі велічнасць моманту перадачы агню, цеплыню, гарачыя і адкрытыя сэрцы парафіян і святароў. А я ў сваю чаргу ў гэтым годзе шмат займалася пытаннямі зменаў і дапаўненняў у графіку, вырашэннем неспадзяванак і затрымак.

Я ўдзельнічаю ў акцыі не першы раз. Справа цікавая, не без клопату, але гэта ўсё варта таго, каб людзі з розных куткоў нашай краіны былі аб’яднаныя святлом Міру»‎.

Падрыхтавала Паліна Ручан

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.