З 23 па 25 верасня 2022 года адбылося цікавае падарожжа ўдзельніц «Жаночага клуба» нашай парафіі ў горад Гродна, які вядомы на Беларусі сваім еўрапейскім каларытам і шматлікімі славутасцямі.

 

Сваімі ўражаннямі дзеліцца Вольга Луцэнка, адна з удзельніц клуба:

«Гэта быў час, падараваны Госпадам для жанчын, якія марылі адпачыць ад штодзённых справаў, ад быту, ад працы, каб потым зноў вярнуцца ў свае сем'і і з новымі сіламі працягваць сваё служэнне родным i блiзкiм, яшчэ больш ix любіць і клапаціцца пра ix.

Сястра Марыанна цудоўна арганiзавала наш выезд, прадумала ўсё да дробязяў, дамовілася з начлегам. Яна пазнаёміла нас з цудоўнымі святарамі, якія гасцінна сустрэлі нас, правялі экскурсіі, распавялі шмат цікавага пра святыні.

Нас прыемна ўразіў сучасны касцёл Найсвяцейшага Адкупіцеля на Дзевятоўцы, пабудаваны ў стылі неаканструктывізму. Пробашч айцец-рэдэмптарыст Анджэй Ядкоўскі пазнаёміў нас з парафіяй, паказаў памяшканні ў касцёле, кожную святую Імшу маліўся за нас, а напрыканцы падараваў кожнай жанчыне ружанец, прывезены з Меджугор'я!

Вельмі каштоўным было знаёмства з Францішканскім касцёлам Маці Божай Анёльскай, бо з 1922 па 1927 гг. там працаваў і жыў у кляштары святы Максімiльян Марыя Кольбэ.

Мы таксама наведалі Катэдральную базіліку святога Францішка Ксаверыя, дзе разам з ксяндзом Яўгенам, які апавядаў пра святыню, падняліся на вежу і пабачылі самы стары ў Еўропе гадзіннік, механізм якога працуе да цяперашняга часу.

Пабывалі ў касцёле Узвышэння святога Крыжа, касцёле святой Брыгіты, на тэрыторыі якога дзейнічае жаночы манастыр.

Уразіў Лямус (дом без цвікоў) – двухпавярховы драўляны будынак першай паловы 17 стагоддзя ў стылi ранняга барока. Першапачаткова там жылі манахіні-брыгіткі, а ў савецкія часы гэта быў шпіталь для псіхічна хворых. Пабачылі таксама Стары замак і Новы замак, Каложскую царкву, пабудаваную ў 1183 г., Пажарнае дэпо з вежай 19 стагоддзя.

Шпацыруючы па прасторах Гародні, мы атрымлівалі асалоду ад архітэктуры, прыгожай восеньскай прыроды, ветлiвых мясцовых жыхароў. Прыемна стаміўшыся, мы адправіліся на абед да сясцёр-назарэтанак, якія нас цёпла сустрэлі і накармілі вельмі смачнымі стравамі!

Прыемна было пазнаёміцца з мамай сястры Марыанны і з бацькамі сястры Назарыі.

Вечарам, вярнуўшыся са шпацыру, мы пілі гарбату, гулялі ў настолкі, размаўлялі на розныя тэмы, смяяліся, маліліся – адным словам, адпачывалі.

Дзякуем Богу за гэты цудоўны выезд (маленькую пiлiгрымку), за магчымасць кожную раніцу быць на святой Імшы i cлавiць Бога за ўсе атрыманыя ласкi, за карысна праведзены час, за адпачынак, за любоў і цеплыню, якія падараваў нам Пан Бог праз людзей і праз добрае надвор'е, за разважанне над тым, чым з'яўляецца для нас Касцёл i якое месца займаем мы ў гэтай супольнасцi».

Тэкст: Рэд. Jan.by
Фота: Удзельніцы «Жаночага клуба»

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.