Скаўтынг накіраваны на ўсебаковае фізічнае і духоўнае развццё дзяцей і падлеткаў праз гульні і прыгоды на прыродзе.

Каталіцкі скаўтынг у Беларусі ўзнік у 2000 годзе, выкарыстаўшы досвед Федэрацыі еўрапейскага скаўтынгу, якая ў сваю чаргу стаіць на трох слупах — класічны скаўтынг, каталіцкі скаўтынг, еўрапейскае братэрства.

Заснавальнікам класічнага скаўтынга з’яўляецца англійскі генерал лорд Роберт Бадэн-Паўэл. У 1907 годзе ён арганізаваў у Вялікабрытаніі першы скаўцкі летнік і на практыцы паказаў як працуе яго метад падчас гульняў, фізічных практыкаванняў, спаборніцтваў, гутарак каля вогнішча.

У 1920 годзе айцец Жак Сэвэн, захоплены новай ідэяй выхавання моладзі, адаптаваўшы класічны скаўтынг пад каталіцкую духоўнасць, засноўвае першую каталіцкую скаўцкую арганізацыю.

Федэрацыя еўрапейскага скаўтынгу (FSE) ўзнікла пасля Другой сусветнай вайны, калі пасля глабальнага канфлікту жыхары многіх еўрапейскіх краін пачалі з вялікім недаверам адносіцца да сваіх суседзяў. У 1956 годзе група маладых людзей розных хрысціянскіх веравызнанняў з Германіі і Францыі разам склалі асноўныя прынцыпы новай Федэрацыі, якая ў будучым мусіла аб’яднаць маладых хрысціянаў розных краін Еўропы на базе хрысціянскай веры і скаўтынгу.

У 2003 годзе FSE была прызнана Апостальскім Пасадам арганізацыяй свецкіх Папскага права. Тым самым дэ-факта стаўшы каталіцкай арганізацыяй.

Святы Ян Павел ІІ казаў: «Скаўтынг вучыць маладых людзей гонару, маралі і такім чынам вядзе іх да Бога».

У скаўтынгу ёсць пяць мэтаў, імкнучыся да якіх, малады чалавек можа развівацца ўсебакова:

  1. Фізічнае развіццё
    Скаўт умацоўвае здароўе, вывучае правілы бяспекі, гігіены і хуткай дапамогі.

  2. Фармаванне характару
    Скаўт імкнецца выхоўваць у сабе пэўныя рысы, развівае сілу волі, вучыцца адказнасці.

  3. Cэнс практычных рэчаў
    Скаўт павінен не толькі марыць, уяўляць, але і ўмець рабіць, карыстацца законамі прыроды не разбураючы яе.

  4. Служэнне
    Скаўт аддае крыху сябе і свайго часу для іншых. Напрыклад, штодня робіць добры ўчынак не атрымліваючы за гэта ўзнагароду.

  5. Адносіны з Богам
    Кожная скаўцкая адзінка дзейнічае пры парафіі. У кожнай узроставай групы ёсць свой душпастыр. Кандыдат у скаўты павінен быць пасля Першай святой Камуніі. Калі скаўты выязджаюць на летнікі, штодня ўдзельнічаюць у святой Імшы.

Дзяўчаты і хлопцы займаюцца ў асобных групах. Перш за ўсё гэта абумоўлена псіхалагічнымі і фізіялагічнымі адрозненнямі, але і тым, каб здолець рэалізаваць сябе цалкам, а не падзяляць працу на мужчынскую і жаночую, бо сэнс палягае на ўсебаковым развіцці. Скаўцкая педагогіка асобная для дзяўчат і хлопцаў.


У скаўтынгу існуюць адгалінаванні па ўзросту і полу:

  • Жоўтае адгалінаванне:
    • Ваўчаняты (хлопцы 8-12 гадоў)
    • Божыя кароўкі (дзяўчынкі 8-11 гадоў)
  • Зялёнае адгалінаванне
    • Скаўты
    • Скаўткі
  • Чырвонае адгалінаванне
    • Вандроўнікі (мужчыны ад 17 гадоў)
    • Правадніцы (жанчыны ад 17 гадоў)

Скаўтынг у нашай парафіі

Дзяўчаты-скаўткі з’явіліся ў парафіі ў кастрычніку 2016 года. Ад таго моманту скаўцкі рух імкліва развіваўся. У кастрычніку 2019 была вызнана «дружына», як прызнанне наяўнасці ўсіх прыступак, па якіх можна крочыць і развіваць свой характар, здароўе, веру.

Сёння ў склад 2-й Мінскай дружыны св. Барбары ўваходзяць:

  • «Звяз» скаўтак (4 кап'я, 28 скаўтак, звязовая — Агата Лялевіч)
  • 18 Божых каровак (шэф — Ангеліна Гуд)
  • «Вогнішча» шэфаў (8 шэфаў, шэф вогнішча — Вольга Гарашэвіч)

Узначальвае дружыну — Таццяна Мазун (+375 44 5683795).


Скаўты-хлопцы ў парафіі дзейнічаюць з 2017 года. Спачатку гэта было толькі адно вольнае «кап’ё». Сёння чатыры кап’я аб’яднаныя ў «звяз», які носіць імя Яна Паўла ІІ. Звязовы — Павел Бельскі  (+375 29 3972833), які адначасова з'яўляецца Генеральным камісарам каталіцкіх скаўтаў на Беларусі.

Ваўчаняты ў нашай парафіі з’явіліся крыху раней — з 2016 года. Сёння ў «зграі», якая складаецца з 4-х «шэрад», 29 хлопчыкаў і 5 шэфаў — татаў ваўчанят. 15 хлопчыкаў далучылася да зграі ў гэтым навучальным годзе. «Акела», адказны за ваўчанят — Валерый Шымак (+375 29 5063894).


Душпастырамі гэтых скаўцкіх адзінак з’яўляюцца нашыя святары — кс. Алег Шпець SChr i кс. Уладзімір Марушэўскі SChr.


Спасылкі:

  • Выкарыстаны матэрыялы з catholic-scouts.by
  • Рэкамендуем да чытання рэпартаж са скаўцкага летніка на catholic.by
  • Усе матэрыялы пра скаўтынг у нашай парафіі можна паглядзець у падборцы па тэгу >>>

Інтэнцыя жывога ружанца:

Сакавік: Молімся аб пленным перажыцці Вялікага посту, каб гэты перыяд стаў часам нашага навяртання. Аб апецы Маці Божай у справе будовы нашага касцёла.