Літургічная Служба Алтара (ЛСА) — асаблівая (выключная) супольнасць юнакоў, якіх называюць міністрантамі і якія знаходзяцца найбліжэй святара, цэлебруючага Святую Імшу, іншыя сакрамэнты або набажэнствы.

Хто такі міністрант? Найпрасцей кажучы, міністрант — гэта юнак, які служыць пры алтары.

Адкуль такая назва? Назва паходзіць ад лацінскага слова ministrarе, што азначае «служыць». Менавіта служба Езусу Хрысту з’яўляецца фундаментам усёй міністранцкай паслугі.

Святы Ян Павел ІІ патлумачыў місію міністранта ў катэхезе падчас генеральнай аўдыенцыі ў Рыме 1 жніўня 2001 года:

«Вашая служба пры алтары – гэта не толькі абавязак, але і вялікі гонар, сапраўды святая служба. [...] Міністрант займае прывілеяванае месца падчас літургічных набажэнстваў. [...] Такім чынам, падчас літургіі вы з’яўляецеся кімсьці значна большым, чым проста звычайнымі „памочнікамі святара“. Вы з’яўляецеся перш за ўсё слугамі Езуса Хрыста, Адвечнага Першасвятара. Такім чынам, вы, міністранты, у асаблівы спосаб пакліканыя быць маладымі сябрамі Езуса. Старайцеся паглыбляць і падтрымліваць гэтае сяброўства з Ім. Тады вы зразумееце, што ў Езусе вы знайшлі сапраўднага Сябра на ўсё жыццё».

Служыць пры алтары Пана Езуса — гэта вялікі гонар і вялікая адказнасць для хлопцаў. Патрэбная салідная фармацыя, каб юнакі сапраўды змаглі адкрыць у асобе Езуса свайго найлепшага Сябра і прынялі адважнае рашэнне ісці за Ім.

У нашай парафіі ад пачатку асаблівая ўвага ўдзяляецца ЛСА.  Яе развіццю спрыяюць між іншым рэгулярныя зборкі (сустрэчы), фармацыйныя выезды, удзел у міністранцкіх турнірах, спорт, супольная малітва ў першы чацвер кожнага месяца, прыклад старэйшых лектараў. Вельмі важным і адметным элементам фармацыі ЛСА з’яўляецца падтрымка бацькоў і іх супрацоўніцтва са святарамі.

Сёння нашая ЛСА налічвае 52 асобы:

  • 19 лектараў (13 малодшых з сярэбраным крыжам і 6 старэйшых з залатым крыжам),
  • 19 міністрантаў,
  • 14 кандыдатаў.

Зборкі адбываюцца ў кожную суботу ў капліцы: 11.00 — міністранты, 12.00 — кандыдаты, 17.30 — лектары.

Нашым апекуном з’яўляецца святы Дамінік Савіо.

Адказны за Літургічную Службу Алтара — кс. Уладзімір Марушэўскі SChr (+375 29 7442538)

Чакаем новыя маладыя гарачыя сэрцы і запрашаем далучацца да міністранцкай супольнасці, якая пабожна, старанна і радасна служыць на хвалу Божую і дзеля дабра нашай парафіі.

Інтэнцыя жывога ружанца:

Сакавік: Молімся аб пленным перажыцці Вялікага посту, каб гэты перыяд стаў часам нашага навяртання. Аб апецы Маці Божай у справе будовы нашага касцёла.