Парафіяльныя супольнасці



Каб парафія магла выконваць сваю місію, яна павінна быць супольнасцю меншых супольнасцяў, так званых парафіяльных групаў. Гэтыя супольнасці з'яўляюцца сапраўднай праявай касцёльнай камуніі і асяродкамі евангелізацыі, якія дзейнічаюць у лучнасці са сваімі пастырамі. У парафіі ўжо існуюць і паўстаюць новыя такія групы як для дзяцей і моладзі, так і для мужчын, жанчын, а таксама сужэнстваў. Знаёмцеся, выбірайце адпаведную супольнасць для сябе, далучайцеся. У вас ёсць новыя прапановы — таксама чакаем. Ёсць месца для кожнага, хто прагне пазнаваць, любіць і наследаваць Езуса Хрыста ў трэцім тысячагоддзі.



Літургічная Служба Алтара (ЛСА) — асаблівая (выключная) супольнасць юнакоў, якіх называюць міністрантамі і якія знаходзяцца найбліжэй святара, цэлебруючага Святую Імшу, іншыя сакрамэнты або набажэнствы.



Галоўная мэта руху Equipes Notre-Dame – дапамога хрысціянскім сем’ям найбольш поўна перажываць сакрамэнт шлюбу. Cем’і руху Equipes Notre-Dame імкнуцца жыць з Хрыстом, прызнаюць Яго Пастырам і Панам свайго сужэнства, а Яго Евангелле прымаюць за канстытуцыю сваёй сям’і.



Сярод многіх групаў і рухаў, якія існуюць у Касцёле, адным з найбольш вядомых з’яўляецца Жывы Ружанец. Жывы Ружанец — гэта супольнасць людзей, у склад якой уваходзіць 20 чалавек, якія штодзённа моляцца Ружанец: кожная асоба разважае адну таямніцу. Гэтыя супольнасці часта называюць «ружамі».



Сустрэчы праводзяцца для ўсіх, хто любіць Біблію, таксама для тых, хто хоча лепей разумець Божае слова. Як сказаў святы Яфрэм: «Слова Божае як акіян, у якім можа плаваць слон, і як неглыбокая рака, у якой не патоне ягнё».



Душпастырства моладзі Хрыста «Адзіныя сэрцам» (ДМХ) — гэта супольнасць студэнцкай і працуючай моладзі, якая працягвае сваю фармацыю. Фармацыя трывае ў розных формах: рэгулярныя сустрэчы, супольнае святкаванне дзён народзінаў, выезды на мерапрыемствы дыяцэзіяльнага маштабу, выезды на рэкалекцыі. Таксама ўдзельнікі ДМХ практыкуюць супольную адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, чытанне адгартацый і энцыклік, прагляд хрысціянскіх фільмаў, удзел у анлайн-рэкалекцыях, сумесны актыўны адпачынак. Група аднадумцаў дае моцную падтрымку для маладога чалавека ў сучасным свеце.



Касцёл заўсёды падкрэсліваў, што асабліва важную ролю ў літургіі мае музыка і спеў.



Caritas - назва 154 нацыянальных каталіцкіх дабрачынных арганізацый, якія дзейнічаюць у 198 краінах і рэгіёнах свету. Caritas мае больш як 100-гадовую гісторыю. У Беларусі Рэлігійная місія «Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас» існуе 20 год.



Скаўтынг накіраваны на ўсебаковае фізічнае і духоўнае развццё дзяцей і падлеткаў праз гульні і прыгоды на прыродзе.



Рух «Маці ў малітве» распаўсюджаны ва ўсім свеце. Яго дэвіз — «Аб’яднаўшыся ў малітве, мы выратуем нашых дзяцей». Мэта руху — усведамленне кожнай маці свайго мацярынскага паклікання праз малітву, бязмежны давер да Бога і даручэнне дзіцяці Яго абароне.

Інтэнцыя жывога ружанца:

Май: Молімся за нашу краіну і ўвесь свет, аб захаванні ад пандэміі каранавіруса, аб дары здароўя для хворых і патрэбных ласках для медыкаў. Аб апецы Маці Божай у справе будовы нашага касцёла.