Сёння нас чакае яшчэ адно цікавае знаёмства і адбудзецца яно з нашай парафіянкай Ірынай Лісічкінай.

Ірыне 32 гады. Яна і яе сям’я, а менавіта муж Дзмітрый і дачушка Віка, належаць да руху Equipes Notre-Dame (Суполкi Мацi Божай).

Нарадзілася Ірына ў Вілейцы, туды яе сям’я пераехала праз працу бацькі. У тыя часы касцёлы амаль што не працавалі, рэлігія пераследвалася. Таму Ірыну ахрысцілі патаемна ў Рубяжэвічах.

Адно з самых яркіх успамінаў яе дзяцінства – гэта Першая Камунія. «На жаль, катахезы як такавой у нас не было, толькі заняткі летам, – распавядае Ірына, – я была вельмі шчаслівая, калі прыняла Камунію. Гэтая падзея вельмі сур’ёзная і важная ў маім жыцці, таму нават дату помню дакладна – 11 жніўня 1996 года».

Потым Ірына пераехала ў Мінск на вучобу. Пасля яе заканчэння стала юрысконсультам, але ў сэрцы была даўняя мара – навучаць дзетак. З прафесіяй настаўніцы малодшых класаў не атрымалася, але яна нашла сябе ў іншым – у навучанні дзяцей катэхезе.

«Я вельмі люблю працаваць з дзецьмі і ўдзячная Богу за тое, што дазволіў мне рабіць гэта праз такі цудоўны спосаб! Спачатку я была не ўпэўнена ці спраўлюся я з гэтай місіяй? Але тут адбылося знаёмства з ксяндзом Алегам, які натхніў мяне паспрабаваць. Так я працавала 2 гады катэхетам, спадзяюся у мяне атрымалася», – кажа Ірына.

Да нашай парафіі яна далучылася амаль што з яе пачатку існавання, у красавіку 2010 года. У той час Ірына шукала касцёл паблізу дома, і сяброўкі з маладзёвай супольнасці паведамілі, што ў яе раёне з’явілася новая парафія. Ірына была прыемна здзіўлена, што «банька» насупраць яе дома гэта самая сапраўдная капліца. Парафія тады была яшчэ зусім невялікая, а зараз Ірына цешыцца, што людзей стала больш і парафія актыўна развіваецца.

«Напачатку, памятаю, ад нашай парафіі ў пілігрымку хадзіла каля 5 чалавек. Я і мае сяброўкі расказывалі людзям пра нашую парафію, запрашалі іх, і як мы потым цешыліся, што некаторыя так прыходзілі да нас. Зараз з нашай парафіі ідуць ужо больш за 60 чалавек. Гэта вельмі файна!»

На самай справе, за плячыма Ірыны ўжо шэраг самых разнастайных падзей і незлічоная  колькасць любімых заняткаў, і гэта не толькі яе любоў да пілігрымак, хаця гэты занятак і займае асаблівае месца ў яе сэрцы. Яе ногі прайшлі самые разнастайныя шляхі: да Будслава, Чэнстаховы, і што асабліва цікава, па самастойна спланаванаму маршруту ў Санцьяго-дэ-Кампастэла.

«Вельмі люблю пілігрымкі. Гэта не толькі час духоўнага ўзрастання, але і неверагодных падзей».

І напрыканцы хацелася бы падзяліцца яшчэ адным хобі Ірыны – паэзіяй і яе творам «Свечка»:

На стале гарэла свечка,
Я шукала сэнс жыцця...
Пад нагамі была сцежка -
Шлях з зямлі да небыцця.

У руках яснела свечка,
Думкі блытала падчас,
Як з нічога выбраць нешта?
Крык душы сціхаў штораз...

У вачах мількала свечка,
Аднаўляла светам зрок,
Каб з удзячнаю усмешкай,
Мне зрабіць наперад крок.

Праз малітву грэла свечка,
Забірала мой цяжар,
Каб прыпамінаць увечар,
Што жыццё – ад неба дар.

На стале гарэла свечка,
Я чакала, што знайду,
Пад нагамі была сцежка,
Па якой цяпер іду...

08.12.2010г.

Размаўляла Паліна Капуста