Сёння мы пазнаёмім вас не з адной асобай з нашай парафіі, але з дзвума адразу. Чаму? Мы шчаслівыя прадставіць вам гісторыю новай маладой каталіцкай сям’і, якая пачала сваё існаванне 28 верасня 2019 года шлюбам у нашай каплічцы. Гэтае сужэнства ўтварылі двое нашых парафіянаў – Вадзім Бачкоўскі і Вольга Пашкевіч.

Вольга з дзяцінства наведвала заняткі катэхэзы, нядзельную Святую Імшу. Абавязковым звычаем з маленства было асвячэнне дзённіка на пачатку навучальнага года для добрых адзнакаў. Пасля заканчэння школы, Вольга паступіла ў БДУ на філалагічны факультэт. Сяброўка, разам з якою жыла Вольга, часта запрашала Вольгу на катэхезы для моладзі і на сустрэчы каталіцкай моладзі. У гэты перыяд жыцця Вольга пачала інакш глядзець і перажываць свае духоўныя сустрэчы з Хрыстом. А час навучання ў катэхетычным каледжы ў Баранавічах стаў тым часам, калі Вольга перажыла глыбокае навяртанне.

У нас на парафіі ксёндз Алег прапанаваў Вользе весці заняткі польскай мовы для дзяцей. Адначасова пачаліся пошукі таго, хто будзе выкладаць старэйшым. І тут з’яўляецца Вадзім, з якім Вольга знаёміцца на адной з рэпетыцый хора і дазнаецца, што ён займаецца таксама выкладаннем польскай мовы.

У Вадзіма сувязь с польскай мовай з дзяцінства. Яго бацькі маюць польскія карані, яны з маленства прывівалі Вадзіму любоў да мовы ягоных продкаў. Школьнікам ён часта ездзіў на конкурсы, займаў прызавыя мейсцы. У выбары прафесіі Вадзім аддаў перавагу гісторыі і сацыяльна-палітычным дысцыплінам у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце.

Пасля заканчэння універсітэту, у гімназіі дзе працуе Вадзім, ён заклаў першую групу дзяцей па вывучэнню польскай мовы. Выкладанне для Вадзіма – гэта не паланізацыя, а  магчымасць для дзецей вывучаць польскую мову, асабліва калі гэта мова іх продкаў.

Вадзім паступіў у мінскі тэалагічны каледж, там ён пазнаёміўся з арганісткай і тагачасным кіраўніком нашага парафіяльнага хору і атрымаў запрашэнне на рэпетыцыю. Менавіта на гэтай репетыцыі Вольга першы раз убачыла Вадзіма. Цікавасць з’явілася адразу. Пасля была пілігрымка ў Будслаў. Але канчаткова свае кропкі над “і” расставіла польская мова.

Цяпер Вадзім і Вольга – адна сям’я.

Па словах Вольгі, шлюб – гэта велікадушнасць да сябе і да таго, хто побач з табою. Нельга патрабаваць зверх меры ні ад сябе, ні ад бліжняга, трэба даць чалавеку быць тым, кім ён ёсць і для сябе ў гэтым адкрыць пэўны дар. Шлюб  – гэта прыадкрыванне вачэй на іншую асобу.

Для Вадзіма шлюб – гэта новы і вельмі важны перыяд у жыцці. «Кандыдаткі да шлюбу ў хлопцаў заўсёды ёсць, – кажа Вадзім – але не ўсе адпавядаюць патрабаванням». Галоўнай рысай будучай жонкі Вадзіма павінна была быць паважнасць і сапраўдная шчырасць у адносінах. У Вольгі гэта ён і знайшоў.

Для сям’і Вольгі і Вадзіма на першым месцы ёсць Бог, які з’яўляецца крыніцай любові і павагі адзін да аднаго, а далей іх сумесная праца і рэалізацыя сумесных праектаў, якіх нямала.

Падрыхтавала Таццяна Мазун
Фота з facebook і архіва сям'і Бачкоўскіх