Ілля Манчынскі — яшчэ адзін парафіянін, гісторыя якога падалася нам вельмі цікавай. «Мяне завуць Ілля, мне 15 год. Я хажу ў школу і ў вольны час гуляю ў футбол, — распавядае наш суразмоўца, — у мяне паўнавартасная сям'я: мама, тата і дзве сястры - Маша і Даша. Яшчэ ёсць кот і чарапаха».

Ілля распавядае, што самае любімае свята для яго - гэта Новы Год, бо ён вельмі любіць хадзіць у госці і сустракацца з сябрамі. У сям’і Іллі ёсць свае традыцыі. Напрыклад, кожную нядзелю ўвечары ўсёй сям'ёй яны збіраюцца разам, каб паглядзець цікавы фільм. «Таксама вельмі люблю маліцца разам з усёй сям'ёй, гэта любімая форма малітвы», — прызнаецца Ілля.

«Пра Бога я ведаю з самага дзяцінства, а свядомае жаданне хадзіць у касцёл з'явілася гадоў 5 таму. Чаму так сталася цяжка сказаць, бо ніякага цуду са мной не здарылася. Чамусьці ўнутры нарадзілася вялікае жаданне хадзіць на Імшу. Хацелася заставацца на кожнай Літургіі, што была ў нядзелю, вось і ўсё.

У парафію я прыйшоў 8 гадоў таму, калі быў айцец Аляксандр Улас. Я стаяў у лаўцы і разважаў над тым, навошта мы пераехалі сюды з Серабранкі, бо там было так добра.

Памятаю, калі да нас прыехалі ксяндзы Алег і Уладзімір. На першай Імшы ксёндз Уладзімір шукаў хлопцаў, каб служыць ля алтара. Тата мне прапанаваў пайсці, і я згадзіўся. Так я пачаў служыць у нас у касцёле.

Мой удзел у жыцці парафіі — гэта, па-першае, Літургічная Служба Алтара, па-другое — скаўтынг. Калі мне было 3 гады, ксёндз Ігар Лашук узяў мяне ў кандыдаты ў міністранты. Маці кажа, што ў мяне тады была стужка нават. І вось зараз я служу. Служу таму, што мне гэта вельмі падабаецца. У нас ёсць турніры, якія праводзяцца менавіта для Літургічнай Службы Алтара. Яны адбываюцца ў Жодзіна. Там мы маем спаборніцтвы па футболу, тэнісу, па ведах Бібліі і Літургіі. На апошніх такіх спаборніцтвах група ўдзельнікаў з нашай парафіі ў агульным заліку заняла першае месца.

У скаўтынг напачатку мяне запісала маці. Першы год амаль нічога такога не было, а пасля пачалі рабіць выезды і розныя іншыя сустрэчы. Зараз у скаўтах я ўжо два гады. Падабаецца мне там своеасаблівае ”выжыванне” у нестандартных сітуацыях разам з сябрамі.

Таксама я вельмі люблю ездзіць на канікулы з Богам у Паланэчку. Мне вельмі падабаецца кампанія, якая там збіраецца, гуляць у футбол і вялікія гульні, вясёлыя вечары. У вясёлы вечар мы распальваем вогнішча, ставім сцэнкі і спяваем. Таксама штодня ходзім на Імшу, молімся, і мая духоўная батарэйка зараджаецца».

Пра сябе Ілля кажа, што ён звычайны хлопец, такі як і іншыя. На пытанне, пра што марыць, ён адказвае, што хоча вырасці добрым чалавекам, быць карысным для бліжніх. Ілля сцвярджае, што зараз якіх-небудзь асаблівасцей і здольнасцей ён не мае, але раней хадзіў на танцы. Лічыць сябе спартыўным, сціплым (гэта я сапраўды заўважыла падчас размовы — прым. рэд.) і вясёлым.

Таксама Ілля распавядае пра сяброў: «Падабаецца, калі з чалавекам цікава і весела. Гэта можа быць і няверуючы чалавек. У мяне ёсць сябры і ў школе, хоць лепшымі назваць іх не магу».  

«Бог для мяне - гэта самае галоўнае», — дадае Ілля.

Размаўляла Паліна Івашкевіч