Архіўнае фота

У суботу 14 верасня ксяндзы-хрыстусоўцы адзначылі юбілей служэння ў Мінску. У гэтай інтэнцыі ў нядзелю цэлебравалася святая Імша, падчас якой вернікі маліліся за сваіх святароў.

Моладзь загадзя падрыхтавалася да ўрачыстасці. Сваімі сіламі былі падрыхтаваны малітва верных і працэсія дароў.

Ксёндз Алег, дзякуючы за віншаванні, таксама падвёў некаторыя вынікі з пяцігадовай працы ў парафіі, радаваўся пладам, якія ўжо мае шчасце заўважаць, нагадаў аб тым, што планы грандыёзныя, і трэба шмат высілкаў, каб паспець усё рэалізаваць. Асабліва ксёндз Алег падзякаваў за ўсе малітвы за святароў і іх сем’і.

Пасля Імшы ў 18 гадзін моладзь павіншавала ксяндза Уладзіміра, які заўважыў, што падрыхтаваная літургія ў духу харызмы хрыстусоўцаў, кранула сэрца і паглыбіла духоўную лучнасць з усёй манаскай супольнасцю. Яшчэ святар з радасцю зазначыў, што ён і ксёндз Алег шчаслівыя, што нясуць сваё служэнне ў роднай Беларусі.

Не абышлі бокам нашых святароў віншаванні ад самых малодшых. Падчас Імшы ў 10:30 шчырамі словамі і ўсмешкамі агарнулі кс. Алега і кс. Уладзіміра дзеці нашай парафіі.

Тэкст: Паліна Ручан
Фота: Паліна Мaiсеева