4 верасня адбыўся мастар-клас па журналістыцы, коўчам нашай сустрэчы стаў спадар Віталь Палінеўскі.

Сустрэчу мы распачалі ад знаёмства з двумя новымі валанцёрамі нашага сайта. Абмяркаваць усе апублікаваныя матэрыялы, размеркаваць працу на бліжэйшы месяц – гэта мэта нашых рэгулярных сустрэчаў, дзякуючы якім вы, дарагія чытачы, маеце магчымасць сачыць за падзеямі нашай парафіяльнай сям’і.

Але на гэты раз мы захацелі прасунуцца ў журналістыцы, глыбей пазнаць навуку пяра і тонкасці працы СМІ. Бясцэнным вопытам дзяліўся спадар Віталь Палінеўскі, супрацоўнік сайта Catholic.by.

Мы даведаліся чым адрозніваюцца інфармацыйныя, аналітычныя і мастацкія публікацыі, разгледзелі некаторыя жанры, больш падрабязна спыніліся на спецыфіцы працы ў інфармацыйнай галіне, разважалі як павысіць якасць і прадуктыўнасць сваёй працы на Jan.by.

Тэорыя – гэта вельмі важна, але спадар Віталь адразу ж прапанаваў замацаваць веды на практыцы. Прачытаўшы нам восем благаслаўленняў з Нагорнай пропаведзі Езуса («Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае. Шчаслівыя засмучаныя...» Мц 5, 1-12), наш коўч сказаў, што ў нас ёсць 15 хвілін, каб напісаць заметку для пэўнага выдання. Кожны з ўдзельнікаў майстар-класа быццам стаў сведкам знакамітай падзеі і, убачыўшы на свае вочы больш, чым сціпла апісвае Святое Пісанне, павінен быў падрыхтаваць матэрыял з улікам тэматыкі і фармату выдання.

Мы хочам падзяліцца з вамі, што ў нас атрымалася:


Таццяна Мазун, часопіс «Здароўе»:

Новый взгляд на блаженства

В окрестностях города прошла встреча на открытом воздухе. Иисус, имя Того, кто стал инициатором и ведущим оратором на этом событии, открыл новый взгляд на блаженства в повседневной жизни. Это, как оказалось, не еда, деньги, известность и влияние. Это — нищета духа, кротость, жажда правды, чистота сердца и миротворчество.

Как утверждают источники Минздрава, это может стать наилучшим выходом из сложившегося эгоизма, жестокости, обжорства и распущенности.


Паліна Капуста піша для жаночага штотыднёвіка «Галілейская сялянка»:

Жанчыны могуць выцерці слёзы, несправядлівасці прыйшоў канец

На гары Езус Хрыстус, мудры аратар і абаронца ўсіх слабых і церпячых, правёў сваю новую пропаведзь. Там ён паведаміў пра тое, што ўсе цяжкасці часовыя, і хутка наступіць час сапраўднага шчасця.

Што асабліва адметна, Езус не падзяляў жанчын і мужчын, тым самым падкрэсліваючы іх роўнасць перад нябеснай узнагародай. Гэта таксама значыць, што яны раўны і перад зямнымі законамі.

Гэтыя словы вельмі ўзрушылі Феліцыту, жонку аднаго багатага вельможы. У словах Езуса яна ўбачыла нешта новае, тое, што павінна перавярнуць погляд людзей на сучасны свет, а асабліва на становішча жанчын. Вось, што яна кажа: «Ён сапраўды мудры чалавек, які павінны змяніць многае у гэтым свеце. Яго словы сталі прычынай расплюшчваць вочы раніцай».

Але Філіп, кнігапісец і навуковы дзеяч, лічыць інакш: «Месца жанчыны толькі на кухні! Яна павінна моўчкі выпаўняць прыказы мужа, і нават не марыць аб адукацыі, а тым больш удзелу ў навуковай і палітычнай працы».

Погляды на словы Езуса, як вы бачыце, розныя. Ці стануць жанчыны сапраўды роўнымі з мужчынамі гэта пытанне часу. Але што можна сказаць ужо зараз, дык гэта тое, што незвычайна мудры мысліцель Езус Хрыстус ужо набірае папулярнасць сярод жаночага насельніцтва Галелеі.

Уявіце сабе ўражанні іншых удзельнікаў мастар-класа пасля адкрыцця такіх талентаў у новых валанцёрах, але мы спадзяемся, што не апусцілі планку. Набраўшыся смеласці, прадстаўляем тэксты людзей, матэрыялы якіх вы ўжо чыталі на Jan.by.


Паліна Маісеева, «Эканамічны веснік Ерузалема»:

У эканамічным становішчы краіны пройдуць змены?

Сёння, а 10 гадзіне раніцы, на гары, чалавек, які мае імя Езус, сабраў каля сябе напоўп людзей і прагназуе змены ў эканамічным становішчы краіны. Ён казаў пра царства, якое атрымаюць прыгнечаныя і таксама аб вялікай узнагародзе для іх. «Шчаслівыя плачучыя, бо суцешаныя будуць», — даносілася з вуснаў Езуса.

Як дзеліцца з намі адзін з удзельнікаў мерапрыемства габрэй Равві, многія людзі чакаюць зменаў ў эканамічнай сітуацыі і павышэння зарплат: «Мы вельмі бедныя, а словы Езуса, як палітычнага дзеяча і змагара за справядлівасць, укладваюць у нашыя сэрцы надзею, што наш прыгнёт скончыцца і што дзяржава пачне садзейнічаць паляпшэнню нашага матэрыяльнага становішча».

Праз некаторы час па талпе пачалі даносіцца словы пратэсту: «Я лічу, што ўсё, што кажа Езус — хлусня. Мы шмат гадоў жывём ў недахопе, і гэта глыбокая праблема, якую нельга вырашыць толькі словамі», — заявіла юдэйка Сімха.

Ці прывядзе сённяшняя падзея да змен ў эканамічным крызісе яшчэ не вядома.

Паліна Ручан падрыхтавала матэрыял для самага сур’ёзнага замоўцы — рэдакцыі блізкаўсходняга аддзелу BBC:

Вядомы прамоўца збянтэжыў тысячы сабраўшыхся

Сёння мужчына па імені Езус, якога некаторыя людзі называюць прарокам нашага часу, сабраў на схіле гары Благаславенняў натоўп людзей. Не адну гадзіну Ён спрабаваў вытлумачыць прысутным свае ідэі, але так і не змог.

Некаторыя людзі з недаверам паставіліся да Яго словаў. Эгер, якая прыбыла на гэтую сустрэчу, выказалася: «Не разумею, чаму ў гэтага чалавека столькі паслядоўнікаў. Мне яго словы здаюцца незразумелымі».

А адзін з жыхароў Галілеі сказаў: «Я даўно марыў пачуць гэтага прарока. Цяпер мне па-сапраўднаму здаецца, што я пачаў бачыць, спасцігнуў сутнасць зямнога жыцця».

Усе прысутныя хацелі выказаць сваё меркаванне, аднак мы дакладна можам запэўніць вас, што Езус — гэта неардынарная асоба нашага часу. І хто ведае, можа праз сотні гадоў Яго словы будуць цытаваць далёка за межамі Галілеі.


Кс. Уладзімір Марушэўскі саставіў нам моцную канкурэнцыю сваёй публікацыяй у «Рымскі набат»:

У Галілеі пачынаецца рэвалюцыя. Ірад нічога не робіць

Сёння раніцай Езус, які ўчора аздаравіў 5 чалавек і павёў за сабой сотні людзей, сабраў староннікаў і абвясціў свой план. Ён назваў сабраных «шчаслівымі» і абяцаў, што разам здабудуць уладу і царства. Гэта вызвала бурныя рэакцыі народа.

Яны гатовы на ўсё і прагнуць пераменаў. Чаму маўчыць Ірад? Па словах аднаго з яго прыдворных, ён проста баіцца, але ўсё ж такі плануе сустрэцца з рэвалюцыянерам. Рымская ўлада трымае ўсё пад кантролем. Нашы карэспандэнты знаходзяцца ў эпіцэнтры падзей. Сачыце за абнаўленнямі.

Карыстаючыся нагодай, хочам запрасіць жадаючых далучыцца да каманды JAN.BY. Тых, хто хацеў бы несці Добрую Вестку праз сучасныя сродкі камунікацыі разам з намі, просім звяртацца па тэл: +375 29 7442538 - кс. Уладзімір Марушэўскі SChr, +375 29 3583667 - Віталь Палінеўскі.

Падрыхтавала Паліна Ручан
Фота: кс. Уладзімір Марушэўскі SChr