7 верасня ў Тракелях адбылася сустрэча шэфаў-скаўтак Беларусі, падчас якой удзельнікі падвялі вынікі мінулага скаўцкага года і абмяркавалі планы на новы.

Сустрэчу ўзначаліла Юлія Чарніцкая – генеральны камісар скаўтак нашай краіны, былі прысутныя святары кс. Андрэй Врублеўскі CSsR з Гродна і а. Лех Баханэк OFMConv з Івянца.

Дэвізам новага скаўцкага году ў Беларусі ўдзельнікі выбралі словы Евангелля «Давайце, і будзе дадзена вам» (Лк 6,38), якімі звярнуўся Папа Францішак да скаўтаў ўсяго свету.

Каб лепш зразумець, што азначаюць гэтыя словы ў скаўцкім служэнні, кс. Андрэй правёў канферэнцыю пра Эдыту Штайн. Гэтая святая ўсім сваім жыццём паказала, што любоў да Бога і бліжняга, Бацькаўшчыны і служэння іншым, павінна быць нязменнай праз кожную хвіліну жыцця, праз кожны ўздых да самага апошняга моманту тут, на зямлі.

Падчас сустрэчы былі прызначаны новыя нацыянальныя камісары жоўтага (Божыя кароўкі), зялёнага (скаўткі) і чырвонага (правадніцы) адгалінаванняў.

Кусташ санктуарыя Маці Божай Тракельскай кс. Юрый Беганскі правёў для скаўтак падрабязную экскурсію і падзяліўся сваімі планамі па пабудаванню і ўпрыгожванню санктуарыя і прыналежнай тэрыторыі.

Для нас, Мінскага вогнішча, стала радаснай весткай, што ўжо ў кастрычніку будзе вызнана «дружына» на нашай парафіі. Гэта значыць, што развіццё скаўцкага жыцця ў нашай парафіі ідзе ў хуткім рытме і правільным накірунку. Маем кола Божых каровак, звяз скаўтак, вогнішча шэфаў, у хуткім часе з'явяцца маладыя правадніцы. Ёсць усе «прыступкі», па якіх можна крочыць, развіваць свой характар, здароўе, веру, пазнаваць сябе, навакольны свет, а таксама ўзрастаць у любові да Бога і бліжняга - дадзены ўсе ўмовы, каб развівалася асабовасць дзяўчынкі, дзяўчыны, жанчыны. Усе разам і ствараюць дружыну.

Тэкст i Фота: Таццяна Мазун

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.