Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

12 верасня (чацвер) успамін Найсвяцейшага Імя Марыі

Імяніны Божай Маці, у гэты дзень праслаўляем Яе імя «Марыя», якое, паводле традыцыі, Яна атрымала на чацвёрты дзень пасля свайго нараджэння. Гэтае імя ад пачатку хрысціянства з вялікай пашанай вымаўлялася побач з іменем Езуса. Імя Марыі заклікалі, просячы Яе аб дапамозе і заступніцтве. Парафільная ўрачыстасць у Мінскам архікатэдральнам Касцёле.

13 верасня (пятніца) успамін Св. Яна Залатавуснага (Хрызастома), біскупа і доктара Касцёла

Святы Ян Залатавусны (Хрызастом) нарадзіўся ў Антыёхіі (Сірыя) каля 350 г. У васемнаццацігадовым узросце прыняў хрост і пачаў жыць як пустэльнік. Дзесяць гадоў суровай аскезы аслабілі яго здароўе, а таму ён быў вымушаны пакінуць пустэльніцкае жыццё і праз нейкі час распачаў служэнне дыякана пры тагачасным біскупе Антыёхіі. Яшчэ праз некалькі гадоў Ян прыняў святарскае пасвячэнне. Слава пра яго надзвычай красамоўныя казанні выйшла далёка за межы Антыёхіі, а самога Яна пачалі называць Хрызастомам, што ў перакладзе з грэцкай мовы азначае «Залатавусны».

У 397 г. Ян становіцца патрыярхам Канстанцінопаля. Ён адважна выкрывае заганы і празмерную раскошу, што пануюць пры імператарскім двары, і заклікае моцных гэтага свету да сціпласці. У выніку шматлікіх інтрыг Яна змясцілі з патрыяршага пасаду і выслалі на выгнанне ў Арменію. Пазней яму, ужо моцна хвораму, загадваюць перабрацца ў Пітыунт (Піцунда) ля падножжа Каўказа. Як і разлічвалі яго непрыяцелі, Ян не перажыў гэтага падарожжа і памёр 14 верасня 407 г. Яго апошнімі словамі былі: «Божа, будзь праслаўлены за ўсё». Цела святога спачывае ў Рыме каля гробу святога Пятра. Ян Залатавусны з’яўляецца найбольш знакамітым доктарам усходняй Царквы. Папа Пій Х абвясціў яго апекуном прапаведнікаў.

14 верасня (субота) СВЯТА УЗВЫШЭННЯ СВЯТОГА КРЫЖА

Цэнтральнымі тэмамі літургіі свята Узвышэння Крыжа з’яўляюцца смерць Хрыста на крыжы і адкупленне, якое на ім здейснілася. На крыж неабходна глядзець праз прызму ўваскрашэння. Крыж не з’яўляецца самадастатковаю мэтаю, а шляхам, які вядзе да ўваскрашэння, гэта значыць — да паўнаты жыцця ў Богу. Крыж - знак збаўлення для ўсіх, хто ў прастаце сэрца паверыць у Божую любоў і такі спосаб збаўлення чалавека і ў гэтым святле абсалютна іншае значэнне набываюць усе штодзённыя крыжы чалавека. Парафільная ўрачыстасць Мінск (Кальварыя) — парафія Узвышэння Святога Крыжа.

1. Просім дзяцей і бацькоў пазнаёміцца з раскладам катэхезы на 2019/2020 навучальны год. У закрыстыі можна запісаць дзяцей на катэхезу. Пачатак заняткаў 9 верасня 2019 г.

2. Запрашаем новых кандыдатаў да літургічнай службы алтара.

3. Запрашаем новых кандыдатаў у дзіцячы і моладзевы музычны гурт нашай парафіі, а таксама ў парафіяльны хор.

4. Запрашаем усіх зацікаўленых далучыцца да каталіцкіх скаўтаў у нашай парафіі.

Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.