Дарагія сябры, сёння мы хочам пазнаёміць вас з нашай парафіянкай Ірынай Адамаўнай Шаршун. Яна ўжо на пенсіі, але прымае актыўны ўдзел у жыцці парафіі. Спадарыня Ірына Адамаўна распавяла, якое для яе было гора, калі яе ў 8 класе не прынялі ў камсамол, як яна потым прыйшла да веры і чым зараз дапамагае ў парафіі.

Ірына Адамаўна нарадзілася 21 мая 1952 г.  у Лагойскім раёне ў парафіі св. Антонія. «У вёсцы Церахі касцёла не было, але каталіцкія святы мы заўсёды святкавалі. Галоўнае на Вялікдзень было пафарбаваць яйкі», — узгадвае пані Ірына.

Вучылася Ірына Адамаўна ў школе нядрэнна, але ўжо з 16 год пайшла працаваць на хлебакамбінат у Лагойску. У працы паблажак не было, працавала па сменах, 8 гадзін як дарослыя. У 1974 Ірына Адамаўна прыехала ў Мінск працаваць на заводзе халадзільнікаў, жыла ў інтэрнаце.

Архіўнае фота

— Першая Імша, на якую я папала, была ў Катэдры ўжо пасля таго, як вернікам вярнулі святыню. А ксяндза першы раз я ўбачыла прыкладна ў 1992, гэта быў кс. Уладзіслаў Завальнюк, якога я заўважыла каля Катэдры, калі ішла пасля працы ў ДУМ «даставаць» нешта (для тых, хто не жыў у савецкія часы: каб купіць новую рэч, трэба было шмат гадзін стаяць у чарзе, таму гаварылі «даставаць» — прым. рэд.). Там каля кіёска, які яшчэ стаяў на вуліцы, стаялі бабкі і чуваць было толькі «бум-бум-бум», яны паўтаралі нешта самі сабе. Я затрымалася, каб паслухаць, а потым пад’ехала машына, вышлі людзі, штосьці пачало адбывацца. І выйшаў ксёндз Уладзіслаў у залатым арнаце. Тады я дала дзёру (смяецца — прым. рэд.).

Потым у Катэдры пачалі наводзіць парадак. Аднойчы я ізноў зашла туды. Унутры ўсё было абвешана брызентам. Памятаю, што было шмат людзей, я ледзьве ўсунулася. Мало чаго было відаць, але мяне захапіла, як ксёндз ускладаў рукі на дзяцей падчас благаслаўлення, — успамінае спадарыня Ірына Адамаўна.

— Да канфесянала заўсёды была чарга. Аднойчы мая знаёмая сказала, каб я хуценька ішла да споведзі. Яна распавяла мне па-польску формулу споведзі, але я пакуль дайшла, стала на калені, усё забыла. Ксёндз казаў па-польску, я адказвала па-беларуску. Тады я зразумела, што ўсе людзі грэшныя. Гэта было важнае дасвядчэнне.

Першая «сапраўдная» катэхеза ў мяне была падчас падрыхоўкі да Канфірмацыі. Я доўга рыхтавалася. Гэты сакрамэнт мне ўдзяліў кардынал Казімір Свёнтак у 1994 годзе.

— Як вы трапілі ў нашую парафію? — пытаемся мы ў спадарыні Ірыны Адамаўны.

— Гэта не я трапіла, гэта парафія сюды прыйшла (смяецца — прым. рэд.).

Аднойчы Ірына Адамаўна, калі раніцай ехала да працы на 40 аўтобусе, распачала разважаць над тым, як было б добра, калі б хто-небудзь пабудаваў касцёл на ўзгорку. Як яна была ўражана, калі праз кароткі час знаёмыя прапанавалі ёй разам збіраць подпісы па раёне, каб атрымаць дазвол на будаўніцтва капліцы.

— Падпісываліся і праваслаўныя, і татары… Але ў кожнага чалавека свая рэакцыя: нейкія гаворылі, што тут трэба кафе зрабіць, а святыняў хапае, — працягвае свій расказ Ірына Адамаўна, — Потым распачалі збіраць ахвяры на будову.

Тым часам Ірына Адамаўна выйшла на пенсію, даглядала дома сваю хворую матулю. Яшчэ паспела папрацаваць начным вартаўніком у школе.

Будоўля ішла. Зараз Ірына Адамаўна мае шмат гістарычных фотаздымкаў з розных этапаў будаўніцтва. Цікава, што сама спадарыня Ірына Адамаўна дачынілася да будовы: была на варце матэрыялаў для будовы, таксама прынімала ў сябе дома ксяндзоў, якія займаліся будоўлей.

— Сродкаў было мала, таму кожны дапагаў як мог: маці айца Аляксандра прывезла абрусы, хтосьці прынёс дыван, хтосьці мог пашыць неабходнае. Моладзь дапамагала. Я з Вандай рабіла і прадавала вербы, усе грошы занеслі пробашчу. Усё дарабілі разам.

Якое ж было свята падчас асвячэння капліцы, прымалі біскупа. Было шмат радасці!, — дзеліцца Ірына Адамаўна.

— Айцец Аляксандр вазіў сціраць абрусы ў Польшчу. Зараз сціраць, гладзіць, накрахмаліць ільняныя абрусы мы ўжо навучыліся, таму так склалася, што я гэтым займаюся, — смяецца нашая гераіня.

— Але найбольшая дапамога — гэта малітва аб будаўніцтве нашага касцёла, — ужо сур’езна працягвае Ірына Адамаўна.

Раней спадарыня Ірына часта бывала ў пілігрымках. На сустрэчах з Папам Янам Паўлам II была разоў пяць, была і на беатыфікацыі Тэрэзы з Калькутты, мела гонар быць у Люрдзе, ня так даўно ездзіла ў Ерусалім. Ірына Адамаўна вельмі захапляецца падарожжамі па Святых месцах, але прызнаецца, што ўжо мае мала здароўя на гэта.

Размаўлялі Наталля Урбановіч і Паліна Ручан
Фота кс. Аляксандра Уласа, Віталія Палінеўскага і з архіва Ірыны Шаршун