Дарагія сябры! Кожная супольнасць, і нашая парафіяльная супольнасць таксама, складаецца перш за ўсё з людзей. Ад таго, якія адносіны будуць паміж намі, у значнай ступені залежыць наколькі нашая супольнасць будзе моцная і дзейсная. Але, каб будаваць адносіны, ці ведаем мы адно аднаго?

Так, некаторыя добра паміж сабой знаёмыя, некаторых звязвае сапраўднае сяброўства. А некаторых мы бачым амаль на кожнай святой Імшы, стаім побач, разам молімся, можа нават вітаемся пры сустрэчах, але пры гэтым не ведаем ні як завуць чалавека, ні хто ён такі, ні чым ён жыве.

Каманда Jan.by вырашыла запоўніць гэты прабел і распачынае серыю публікацый пад рубрыкай, якая называецца «Партрэт па панядзелках». Гэта значыць, што кожны панядзелак (пастараемся трымацца такога графіка) мы будзем вас знаёміць з пэўнай асобай. Кожны панядзелак — новае інтэрв'ю.

Хто можа трапіць у гэтую рубрыку? Неабавязкова, каб гэты чалавек меў нейкія заслугі перад Касцёлам ці выконваў у парафіі асаблівую ролю. Неабавязкова, каб ён меў выключна незвычайны лёс. Мы перакананыя, што кожны варты ўвагі. З кожнага з вас варта напісаць партрэт.

А распачне нашу рубрыку асоба сапраўды вельмі неардынарная. Хто гэта? Сачыце за абнаўленнямі! Таксама дзяліцеся імі і дасылайце свае прапановы.