Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні прыпадае:

  • 29 ліпеня (панядзелак) - Успамін св. Марты
  • 31 ліпеня (серада) – Успамін св. Ігнацыя Лаёлы, святара
  • 1 жніўня (чацвер) - Успамін Святога Альфонса Марыі Лігуоры, біскупа і доктара Касцёла

Нарадзіўся 27 верасня 1696 г. у прадмесці Неапаля ў Італіі. У 16-гадовым узросце атрымаў тытул доктара права і на працягу 10-ці гадоў працаваў адвакатам. Расчараваўшыся ў адвакацкай дзейнасці, вырашыў распачаць новае жыццё і ў 1726 г. прыняў святарскае пасвячэнне. Напачатку Альфонс займаўся місіянерскай дзейнасцю сярод вясковага насельніцтва ў ваколіцах Неапаля. У 1732 г. заснаваў манаскую супольнасць Найсвяцейшага Адкупіцеля — ордэн рэдэмптарыстаў, мэтаю якога стала абвяшчэнне Евангелля духоўна занядбаным і бедным з дапамогаю місій і рэкалекцый.

Простыя людзі вельмі любілі і паважалі Альфонса, які быў добрым прапаведнікам і спаведнікам. У 1762 г. Папа прызначыў яго біскупам адной невялікай дыяцэзіі непадалёк ад Неапаля. Альфонс Марыя Лігуоры памёр 1 красавіка 1787 г. Сярод яго шматлікіх твораў найбольш вядомымі сталі «Маральная тэалогія» і «Homo apostolicus» («Апостальскі чалавек»). Святы з’яўляецца апекуном спаведнікаў, духоўных кіраўнікоў і тэолагаў.

На гэтым тыдні прыпадаюць:

  • Першы чацвер месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да службы Божай
  • Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса
  • Першая субота месяца – дзень малітваў да Найсвяцейшай Панны Марыі
  • Першая нядзеля месяца – а 12 гадзіне св. Імша ў інтэнцыі Жывога Ружанца нашай парафіі.

Інтэнцыя жывога ружанца на месяц жнівень: Молімся аб цвярозасці у сем’ях нашай парафіі і ўсяго народа; аб апецы Маці Божай у справе будовы парафіяльнага касцёла.

1. Пахаванне Чэслава Шпець, таты нашага пробашча кс. Алега, адбудзецца ў панядзелак 29 ліпеня ў г. Іўе ў пар. святых Апосталаў Пятра
і Паўла а 12.00 г.

Ад парафіі арганізоўваецца аўтобус. Можна запісацца ў закрыстыі або па тэлефоне ў кс. Уладзіміра +37529 7442538.
Выезд у 9.45 з вул. Матусевіча 80.

Салідарныя з кс. Алегам молімся за памерлага Чэслава, аб ласцы жыцця вечнага ў Божым Валадарстве. Молімся таксама аб патрэбныя ласкі для
кс. Алега і яго блізкіх: мамы Леакадзіі, сястры Марыны з сям'ёй, брата Андрэя з сям'ёй і ўсіх родных.

2. Жнівень – гэта месяц цвярозасці. Заклікаем вас на працягу ўсяго жніўня ўстрымацца ад ужывання алкагольных напояў. Свае абяцанні можна задэкляраваць у спецыяльнай «Кнізе цвярозасці».

3. Асвячэнне транспартных сродкаў адбудзецца сёння пасля кожнай Св. Імшы.

4. У закрыстыі можна запісваць дзяцей на катэхезу на наступны навучальны год.
Кожны аўторак а 19.00 у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага і Святая Імша складковая. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.