9 чэрвеня жоўтая галіна каталіцкага скаўтынгу ў Беларусі прыняла васьмярых “ваўчанят”. Самыя малодшыя ўдзельнікі скаўцкага руху (FSE) і адначасова парафіяне jan.by склалі свае абяцанні «верна служыць Богу, бацькам і Айчыне» падчас летніка ў вёсцы Вішнева (Валожынскі раён) у касцёле Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі.

На працягу года хлопчыкі наведвалі зборкі, удзельнічалі ў асенніку, далучаліся да скаўцкіх абавязкаў, каб потым стаць ваўнавартаснай часткаю каталіцкага скаўтынгу.

Падчас гэтай урачыстай цырымоніі “ваўчаня” атрымлівае форму – блакітную кашулю, а таксама цёмна сіні бэрэт, які мае насіць з асаблівым гонарам. Для хлопчыка-ваўчаняці час атрымання формы з’яўляецца наступным і вельмі важным крокам скаўцкай фармацыі. Форму ўручае Акела (шэф ваўчанят) разам з дапаможнымі шэфамі, а таксама душпастырам, які благаслаўляе ваўчаня перад тым, як тое прамовіць урачыстыя словы абяцання.

“Абяцаю з усіх сілаў верна служыць Богу, сваім бацькам, Айчыне Беларусі,..”

Перад урачыстымі абяцаннямі ж – 7 чэрвеня – ваўчаняты вырушылі ў свой чаканы летнік. Вырушылі ўжо па традыцыі цягніком, а потым - пешшу, каб як мага больш пасузіраць краявіды Беларусі.

У гэтым годзе месцам летніка абранае Вішнева, каб пазнаёміць хлопчыкаў з выбітнай асобай ксяндза Уладзіслава Чарняўскага – перакладчыка Бібліі на родную мову, музей якому знаходзіцца ў вёсцы. Так як у Вішнева яшчэ ёсць жыхары, якія памятаюць ксяндза Уладзіслава, то ваўчаняты будуць мець магчымасць сабраць успаміны мясцовых жыхароў, пазнаёміцца са сведкамі жыцця незвычайных людзей, якія ўсім сэрцам і жыццём служылі Богу і Бацькаўшчыне.

Яшчэ ў мясцовых касцёле зараз аднаўляе алтар выбітны наш мастак – Алесь Пушкін, які таксама час ад часу прымае ўдзел у малітве з ваўчанятамі і дзеліцца сваімі ведамі пра нашую спадчыну.

Апрача ўдзелу ў набажэнствах, навучанню і пазнаванню новаму “ваўчаняты” не спыняюцца бавіцца, граючы ў шматлікія гульні, плаваючы ў крыху халоднай рацэ Альшанцы, блукаючы па ўскрайках вёскі, аглядаючы мясціны, якімі колісь апекаваўся выбітны род Храптовічаў.

Вера, якая мацуе і гартуе дух. Гісторыя, пра якую кажа нам зямля вакол. І багацце стасункаў, якім вучацца хлопчыкі з малодшых гадоў – асноўныя каштоўнасці, якімі поўніцца ваўчаняцкі летнік. У гэтым годзе летнік налічвае 14 хлопчыкаў, некаторыя з якіх ужо наведваюць трэці раз аналагічны летнік, а ў хуткім часе далучацца да скаўтаў.

Тэкст: Аксана Ючкавіч, Акела

Фота: Аксана Ючкавiч, Паліна Івашкевтч, Паліна Маісеева