Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем усім тым парафіянам, дарослым і моладзі, якія служылі пры зборы ахвяраванняў на будову нашага касцёла на ўрачыстасцях у Будславе. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні прыпадае:

11 ліпеня (чацвер) - Свята св. Бэнэдыкта, абата, апякуна Еўропы

Святы Бэнэдыкт — айцец манаства на хрысціянскім Захадзе — нарадзіўся каля 480 г. у Нурсіі (паўднёвая Італія) і паходзіў з багатай сям’і. Пакінуўшы вучобу ў Рыме, стаў жыць пустэльнікам. Праз пэўны час вакол яго сабралося шмат іншых манахаў, і каля 529 г. ён разам з паплечнікамі заснаваў на поўдні ад Рыма славуты кляштар Монтэ Касіно. Асноўным правілам манаскага жыцця ў ім былі словы «Ora et labora» («Маліся і працуй»), якія сталі дэвізам ордэна бэнэдыктынцаў. У Монтэ Касіно Бэнэдыкт напісаў статут — Ordo Sancti Benedicti, — які стаў асноваю для большасці манаскіх супольнасцяў Захаду.

Заснаваны ім ордэн бэнэдыктынцаў на працягу стагоддзяў быў найбольш значным духоўным, культурным і навуковым асяродкам Еўропы. У 590 г. бэнэдыктынец упершыню стаў Папам. Гэта быў святы Грыгорый Вялікі — славуты касцёльны рэфарматар, які пакінуў найбольш звестак пра святога Бэнэдыкта (і пазней вельмі часта на Пасадзе святога Пятра знаходзіліся менавіта бэнэдыктынцы). Такім чынам сціплы манах-пустэльнік распачаў найбольшае ў гісторыі аднаўленне Касцёла і стаў «будаўніком хрысціянскага Захаду». Святы Бэнэдыкт памёр 21 сакавіка 547 г. і быў пахаваны на Монтэ Касіно каля магілы сваёй сястры-блізняці святой Схаластыкі. Святы з’яўляецца апекуном Еўропы і ўсяго Захаду, а таксама настаўнікаў і школьнікаў. У Касцёле вельмі папулярны медалік з яго выявай, што абараняе ад злых чараў і магіі.

1. Інтэнцыя Жывога Ружанца на ліпень: Молімся аб аднаўленні фізічнага і духоўнага здароў’я падчас вакацый і водпуску; аб апецы Маці Божай у справе будовы нашага касцёла.

2. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.