16 чэрвеня ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы наша парафія прыняла чатырох новапасвечаных ксяндзоў Хрыстусоўцаў, якія атрымалі святарскія пасвячэнні 21 мая ў г. Познань у Польшчы. Некаторыя з іх неаднойчы наведвалі нашу парафію яшчэ будучы дыяканамі.

Гэтая падзея вельмі значная як для нашай парафіі, так і для кожнага асабіста. Пан Бог дае нам пабачыць тых людей, сэрцы якіх палымнеюць любоўю. Гэта сапраўднае сведчанне Божай любові да чалавека.

Святую Імшу а 12 гадзіне цэлебраваў ксёндз Караль Бай на беларускай мове.

Падчас казання ксендз Раман Мельнік тлумачыў сутнасць Божай любові да чалавека. «Веліч гэтай любові цяжка і, нават, не магчыма зразумець. Шмат людзей кажуць, што паколькі Бог усемагутны, то Ён мог проста адкупіць свет без прыйсця на зямлю, без ганенняў, без смерці на крыжы. Але для нашага Бога не з’яўляецца праблемай вымыць ногі вучням, прыняць прыніжэнне, балесныя мукі, смерць. Бо гэта менавіта і ёсць канкрэтнае праяўленне любові Бога да чалавека». Напрыканцы казання святар выразіў просьбу: «Мы просім вас аб малітве, бо вельмі яе патрабуем і хочам быць святымі».

Пасля Імшы новапрэзбітэры ўскладаннем рук удзялілі кожнаму верніку персанальна прыміцыйнае благаслаўленне.

Тэкст: Паліна Івашкевіч
Фота: Віталій Палінеўскі