Сёлетні «вясновы палёт» Божыя кароўкі правялі ў маляўнічым куточку нашай краіны — Налібаках. Адбыўся ён у нядзелю 26 мая.

Распачаўся дзень нядзельнай святой Імшой у касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Дзякуючы пробашчу парафіі кс. Мар'яну Шэршаню і дапаможнаму шэфу Таццяне, даведаліся шмат аб гісторыі і асаблівасцях касцёла.

Самай значнай і чаканай для дзяўчат была магчымасць пабыць у лесе. У сваіх шостках дзяўчаты з захапленнем вучыліся складаць з сухіх галінак дрэў знакі, якія ўказваюць, што, напрыклад: «піць ваду нельга», «хутка адпачынак», «ідзі ў гэтым напрамку», «звярні направа». Пазнавалі як выглядаюць шматлікія дрэвы, расліны. Вучыліся слухаць наваколле, прабываць у цішыні. Кожная падзялілася як для яе асабіста гучыць лес.

Цікавым было ўбачыць «хаткі» павукоў, якія белым дываном раскінуліся сярод лесу. Нечаканым госцем для Божых каровак была сяброўка Вавёрка — с забавамі і салодкім пачастункам.

Дзяўчат вельмі гасцінна прымала сям'я Мазун — спадар Пётр і спадарыня Вольга. Дзякуючы ім кожная Божая кароўка мела магчымасць адпачыць і зачарпнуць сілаў для далейшай прыгоды.

На заканчэнне дня Божыя кароўкі выканалі спантанічны танец у знак падзякі для сваіх шэфаў і з цёплымі пажаданнямі падаравалі ім жоўтыя дзьмухаўцы.

Тэкст: Ангеліна Гуд, шэф кола Божых каровак
Фота: Ангеліна Гуд і Наталля Тарасевіч