19 мая ў нашай парафіі адзначылі завяршэнне чарговага фармацыйнага года. Найперш дзеці сабраліся на Святой Імшы. Надвор’е спрыяла, таму дзяцей чакала вясёлая гульня пад назвай JAN.BY.MINSK на стадыёне каля школы.

Усе дзеці падзяліліся на чатыры каманды: Ян, Марк, Мацвей і Лука. Падчас гульні дзеці выконвалі розныя дынамічныя заданні і адказвалі на пытанні пра жыццё Езуса і Марыі, праўды каталіцкай веры і Святую Літургію. З заданнямі ўсе ўдзельнікі справіліся без праблем, што асабліва цешыла сясцёр і катэхетаў. Некаторыя капітаны нават давалі датэрміновыя адказы. З невялікім адрывам перамог «Ян» – каманда імя евангеліста, які з’яўляецца заступнікам нашай парафіі. «Па назве зразумела, што ў іх адразу была перавага», — смяецца Вольга Пашкевіч.

Пасля вясёлай і павучальнай забавы ўсе разам вярнуліся ў капліцу, дзе адбыўся прагляд фільму «Летапіс жыцця дзяцей і моладзі ў 2018/19 фармацыйным годзе», пасля якога ад імя усёй парафіі святары падзякавалі сёстрам, катэхетам, кіраўнікам хораў і шэфам «Божых Каровак», «Ваўчанятаў», скаўтаў і скаўтак, а таксама валанцёрам Карытас за іх служэнне.

Якое ж свята без пачастунка? Да салодкага стала, які арганізавалі бацькі, першай падышла каманда, якая заняла апошнее месца. Такім чынам пробашч парафіі нагадаў дзецям словы евангеліста Лукі: «І вось будуць апошнія, якія стануць першымі, і будуць першыя, якія стануць апошнімі» (Лк 13:30).

«Я вельмі цешуся, што з кожным годам колькасць дзяцей у парафіі павялічваецца. У гэтым годзе мы нават вырашылі праводзіць гульню на тэрыторыі школы, каб усім хапіла месца. Вельмі важна святкаваць заканчэнне года разам, каб нанова паглядзець на тое, што мы перажылі, падсумаваць дасягненні і зрабіць пэўныя вынікі. Варта не забываць, што гэта не проста штогадовая акцыя, але супольнае заканчэнне катэхетычнага года, якое з’яўляецца добрым пачатакам наступнага», — распавядае пробашч кс. Алег Шпець SChr.

Падчас мерапрыемства многія абмяркоўвалі планы на лета. Дзеці ўжо мараць аб выездах на «Канікулы з Богам», аніматары з Душпастырства Моладзі Хрыста «Адзіныя сэрцам» таксама з нецярпеннем чакаюць гэтага часу.

Нагадваем, што яшчэ трывае запіс на моладзевы выезд у чэрвені і на Канікулы з Богам, якія пройдуць у жніўні.

Тэкст: Паліна Ручан
Фота: Мікалай Новікаў, Уладзімір Марушэўскі SChr