18 мая з нагоды заканчэння белага тыдня першакамунійныя дзеці і іх бацькі разам са святарамі і сёстрамі выехалі ў Жодзіна да Санктуарыя Маці Божай Фацімскай, каб скласці падзяку за дар Святой Камуніі і папрасіць Маці Божую аб апецы.

Такія пілігрымкі першакамунійных дзяцей у нашай парафіі ладзяцца ад 2017 года, калі жодзінская святыня была абвешчана марыйным санктуарыем, і ўжо сталі традыцыйнымі.

Дзень паездкі таксама супаў з днём нараджэння Караля Вайтылы, Папы Яна Паўла ІІ, таму казанне падчас святой Літугіі было прысвечана гэтаму выбітнаму чалавеку, якога Каталіцкі Касцёл вызнае як святога і які ўсе сваё жыццё аддаў у рукі Марыі.

Пасля Святой Імшы ў дзяцей быў вольны час адпачынку: хлопцы разам з татамі і святарамі правялі турнір па футболе, былі сумесныя танцы і розныя іншыя гульні.

Выезд закончыўся маёвым набажэнствам і сумесным пасілкам.

«Мы ўдзячныя нашым святарам і сёстрам за гэтае супольнае святкаванне, — ад імя бацькоў сказала Аліна Акола, — Няхай добры Божа заўсёды дапамагае ім».

Наталля Урбановіч, Віталій Палінеўскі
Фота: Наталля Урбановіч, Алег Селівоха