Фота Віталія Палінеўскага

14 мая ў сядзібе Апостальскай нунцыятуры ў Мінску прайшла чарговая сустрэча прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі. Асноўнай мэтай гэтага аб'яднання, з’яўляецца больш эфектыўная каардынацыя дзейнасці паміж паасобнымі інстытутамі кансэкраванага жыцця і іерархамі Каталіцкага Касцёла.

На сустрэчы быў ухвалены Статут Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі, які ў бліжэйшы час будзе перасланы ў адпаведную дыкастэрыю Святога Пасаду для яго зацвярджэння.

Шляхам галасавання ўдзельнікі выбралі новае кіраўніцтва Каардынацыйнай групы а таксама прадстаўнікоў ад кожнай дыяцэзіі.

Прадстаўніком ад Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі стаў кс. Алег Шпець SChr — пробашч парафіі Св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ ў Мінску, настаяцель супольнасці Таварыства Хрыста (хрыстусоўцы) у Мінску.  

Па словах ксяндза Алега, адзін з прыярытэтаў Каардынацыйнай групы як дарадчай структуры — аналізуючы сённяшнія ўмовы, генераваць ідэі адносна функцыянавання манаскіх супольнасцяў у Беларусі.

Віталій Палінеўскі паводле Catholic.by