У нядзелю 12 мая чатырнаццаць дзяцей нашай парафіі першы раз у паўнаце ўдзельнічалі ў Святой Імшы.

Да Святой Камуніі дзеці рыхтаваліся на працягу некалькіх гадоў катэхезы. Напярэдадні яны ўдзельнічалі ў адарацыі і прыступілі да першага ў сваім жыцці сакрамэнта пакаяння.

«Першая Камунія для мяне вельмі важная, бо я прымаю Хрыста, — дзеліцца Марыя Андрава, — Я хачу жыць з Богам, таму так шмат рыхтавалася да гэтага сакрамэнта».

Акрамя душпастыраў і сёстраў, у гэтае свята дзяцей падтрымлівалі бацькі, хросныя і родныя, для якіх гэта падзея стала адметнай і хвалюючай. Мама аднаго з хлопцаў, Лілія Каплун, адзначыла: «Тое, што сёння адбываецца ў нашых сем’ях, цяжка перадаць словамі, бо Пан Езус прыйдзе і насыціць кожную частачку цела нашых дзяцей. Хачу пажадаць сёння, каб гэтыя дзеці ўзрасталі ў веры і гэтая падзея стала для іх новай адпраўной кропкай. Ведаем, што гэта не апошні сакрамэнт, да якога мы рыхтуем сваіх дзяцей».

На пачатку ўрачыстасці бацькі благаславілі сваіх дзяцей: «Хрыстэ, Ты запрашаеш іх да Стала Слова, Цела і Крыві Тваёй, няхай гэты спажытак дасць ім сілы з радасцю наследаваць Цябе».

У казанні ксёндз-пробашч Алег падкрэсліў, што неабходна дбаць пра прыгажосць нашых сэрцаў, мець голад і прагненне Бога, каб разам з Ім ісці праз усё сваё жыццё.

У працэсіі з дарамі быў прынесены прыгожа аздоблены трон, на якім будзе змяшчацца манстранцыя з Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Гэта дар ад бацькоў першакамунійных дзяцей, выраз іх дбання пра прыгажосць літургіі ў нашай капліцы і ўдзячнасці Пану Богу.

Гэта ўрачыстасць дапамагла дзецям пазнаць смак святасці, як яны пазней дзяліліся, смак святасці — гэта радасць, шчасце, палёгка на душы, чысціня і лёгкасць.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.