Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

14 мая (аўторак): СВЯТА СВ. МАЦЕЯ, АПОСТАЛА.

Пасля здрады і самазабойства Юды, аднаго з дванаццаці апосталаў, было вырашана выбраць на яго месца іншага. З двух кандыдатаў, якія належалі да ліку бліжэйшых вучняў Хрыста і Яго надзейных паслядоўнікаў, жэрабе выпала на Мацея, імя якога азначае «дар Ягвэ». Ён, хутчэй за ўсё, паходзіў з Бэтлеему і быў адным з 72 вучняў, пра якіх гаворыцца ў Евангеллі. Ён напэўна ўдзельнічаў ва ўсіх падзеях жыцця Хрыста, пачынаючы ад хросту ў Ярдане аж да ўваскрасення і спаслання Святога Духа.

Пасля далучэння да супольнасці апосталаў Мацей навучаў у Юдэі, «за Эфіопіяй» і, магчыма, у Македоніі і Калхідзе (на Каўказе). Яму прыпісваюць шматлікія цуды. Адносна яго смерці існуюць дзве версіі. Паводле першай, Мацей памёр натуральнай смерцю ў Македоніі, а паводле другой, апостал вярнуўся ў Юдэю, дзе быў пабіты камянямі, і калі ён яшчэ жыў, нейкі жаўнер адсек яму галаву сякерай. У момант смерці яму было каля 63 гадоў. Святы Мацей лічыцца апекуном рамеснікаў, якія займаюцца будаўніцтвам, сталяроў, разьбяроў, кавалёў, а таксама ахоўнікам ад коклюшу і бясплоднасці.

16 мая (чацвер) - успамін св. Андрэя Баболі, святара і мучаніка

Нарадзіўся каля 1591 г. Пасля заканчэння сярэдняй школы уступіў у ордэн езуітаў у Вільні. Прайшоўшы курс філасофіі і тэалогіі ў Віленскім універсітэце, у 1622 г. атрымаў святарскае пасвячэнне і цалкам прысвяціў сябе душпастырскаму служэнню ў тых мясцінах, куды яго выпраўляла духоўнае кіраўніцтва. З 1642 г. ён вёў адданую місіянерскую дзейнасць на Піншчыне. У той час рэлігійнае жыццё палешукоў было ў вельмі занядбаным стане: у народзе панавалі шматлікія забабоны, людзі амаль не ўдзельнічалі ў набажэнствах.

Андрэй Баболя хадзіў праз балоты з вёскі ў вёску, несучы святло Божай праўды ў самыя аддаленыя куточкі Палесся. Ён добра ведаў творы ўсходніх айцоў Касцёла і заўсёды мог аргументавана адстойваць аўтарытэт каталіцтва ў розных рэлігійных дыспутах. Дзякуючы яго намаганням шмат людзей навярнулася да Бога і паядналася з Каталіцкім Касцёлам. З-за гэтага Андрэя Баболю называлі апосталам Піншчыны і «душахватам».

У той жа час рэзка абвастрыліся адносіны паміж канфесіямі, у першую чаргу — з праваслаўнаю. Супярэчнасці на рэлігійнай глебе імкнуліся выкарыстаць для дасягнення сваіх брудных мэтаў розныя сілы. Адной з такіх сілаў былі казакі, якія дзейнічалі цалкам бескантрольна і тэрарызавалі ўсё мясцовае насельніцтва. У сераду 16 мая 1657 г. казакі уварваліся ў Янаў Палескі (сучаснае Іванава Брэсцкай вобл.), дзе яны забілі ўсіх каталікоў і жыдоў, не зважаючы на ўзрост, пол і паходжанне.

Даведаўшыся, што незадоўга перад гэтым з Янава выйшаў Андрэй Баболя, выправіліся за ім у пагоню. Схапіўшы, яго страшэнна збілі і, прывязанага паміж двума канямі, прыцягнулі ў Янаў. Там казакі некалькі гадзін люта здзекаваліся са сваёй ахвяры, выдумляючы ўсё новыя жахлівыя катаванні, пасля чаго два ўдары шабляй перарвалі зямное жыццё святога. Яго знявечанае цела было прывезена ў Пінск, пазней — у Полацк. Савецкія ўлады перавезлі рэліквіі святога ў Маскву і, як знак удзячнасці Папу за дапамогу ў час голаду на пачатку 20-х гг., перадалі іх у Рым. Пасля кананізацыі Андрэя Баболі, якая адбылася ў 1938 г., рэліквіі былі перададзены Польшчы і цяпер знаходзяцца ў Варшаве. Святы Андрэй Баболя з’яўляецца апекуном Пінскай дыяцэзіі, 4-м апекуном Польшчы і патронам чыгуначнікаў.

1. Праз увесь месяц май штодня у капліцы пасля вячэрняй Св. Імшы адбываюцца ”Маёвыя набажэнствы” да Найсвяцейшай Марыі Панны. У нядзелю пасля св. Імшы а 12 гадзіне.

2. Чацвёртая велікодная нядзеля называецца Нядзеляй Добрага Пастыра. У гэты дзень мы распачынаем таксама тыдзень малітваў аб святарскім і законным пакліканні да служэння ў Касцёле.

3. У закрыстыю можна прыносіць анкеты на летні выязд дзяцей і моладзі.

4. У наступную нядзелю 19 мая падчас св. Імшы на 13.30 будзем святкаваць першую гадавіну Першай Святой Камуніі дзетак нашай парафіі. Бацькоўскі сход з гэтай нагоды 14 мая пасля вечаровай св. Імшы.

Таксама 19 мая адбудзецца заканчэнне катэхетычнага года для дзяцей і моладзі нашай парафіі. Сумесная забава, пачатак а 14.30 каля капліцы.

Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.