З 6 па 8 мая ў Шчучыне ў парафіі Св. Тэрэзы Авільскай праходзілі Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. Сустрэча, якая праходзіла пад дэвізам «Па прыкладу Марыі буду служыць Пану», сабрала больш за 1000 маладых людзей не толькі з Гродзенскай, але і іншых дыяцэзій. Восем хлопцаў і дзяўчат з нашай парафіі таксама прынялі ўдзел у гэтай падзеі.

Падчас сустрэчы моладзь разважала аб розных формах служэння Богу і бліжнім. Гэтай тэме былі прысвечаны адпаведныя канферэнцыі ў групах. Іх усяго атрымалася восем: пра місіянерскае служэнне, сямейнае, манаскае і святарскае, евангелізацыйнае, дабрачыннасць, служэнне ў хрысціянскіх СМІ, у парафіях.

Кожны дзень цэлебравалася святая Імша. У першы дзень Літургію ўзначаліў біскуп Юзаф Станеўскі, адказны ў Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі за душпастырства моладзі. Падчас Імшы маліліся за моладзь нашай краіны і ўсяго свету. На наступны дзень на моладзевую сустрэчу завітаў Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр.

«Сама паездка мне вельмі спадабалася. Было не так маштабна як у Гродна, але ўсё роўна выдатна, – распавядае Марыя Пукіта, – На другі дзень усю моладзь падзялілі на некалькі груп, я была ў групе місіянерскага служэння. У нас канферэнцыю вёў кс. Анджэй Ганчар, які некалі быў на місіях у Афрыцы. Напэўна яна мне запомнілася больш за ўсё. З усяго таго што кс. Анджэй распавядаў, для мяне самым важным стала тое, што місіянер павінен чэрпаць сілы з веры, са Святога Пісання, і што цяжэй за ўсё верыць, калі ў цябе ёсць дом, ежа, грошы, бо ў цябе ёсць той мінімум, які патрэбны для жыцця. Толькі таму, у каго нічога няма будзе прасцей даверыцца Богу і аддаць сваё жыццё ў Яго рукі».

«Я трапіла на канферэнцыю пра манаскае служэнне, якую праводзіў кс. Віталь Сярко з Шчучына, – дадае Марыя Бачыла, – Гэтая частка дзён моладзі мне спадабалася больш за ўсё. Былі таксама канцэрты розных хрысціянскіх груп - Piligrims, Open, Ave. Былі набажэнствы і ружанец, усе атрымалі медальён Беззаганнай. Думаю, гэта вельмі добра чарговы раз разважаць пра жыццё Марыі, якая з'яўляецца для нас лепшым прыкладам жыцця з Богам. Трэба прытрымлівацца гэтага прыкладу кожны дзень».

Падчас марыйнага набажэнства ўдзельнікі сустрэчы прысвяцілі сваё жыццё Беззаганнай Маці Божай. Яны далі абяцанне кожны дзень маліцца прынамсі адзін дзясятак ружанца і прысвячаць маленькую ахвяру за грэшнікаў. А таксама абяцалі не ужываць алкаголь, цыгарэты і ўсё, што шкодзіць і даваць для іншых прыклад правільнага жыцця.

«Паездка была супер. Мне гэтая сустрэча вельмі спадабалася, бо было шмат новых знаёмстваў, класных канцэртаў і наогул добрая праграма, – падсумоўвае Дзяніс Чаган, – Для мяне стаў карысным удзел у групах. Я апынуўся ў групе пра сямейнае жыццё. Пасля канферэнцыі зразумеў, што хачу каб мая будучая сям'я была ў супольнасьці Маці Божай».

Тэкст: Наталля Урбановіч і Віталій Палінеўскі
Фота: Дзяніс Чаган і с. Кляра Волчак CSFN