Бежмаванне або канфірмацыя — адзін з трох сакрамэнтаў хрысціянскай ініцыяцыі, калі чалавек атрымлівае дар Духа Святога і свядома адказвае Богу «так». 5 мая 28 вернікаў з нашай парафіі, якія доўгі час рыхтаваліся да гэтага важнага кроку ў сваім жыцці, адказалі «так» на заклік Езуса быць Яго сведкамі.

У сакрамэнце канфірмацыі вернікі надзяляюцца дарамі Духа Святога і мацней звязваюцца з Касцёлам. Сакрамэнт хрысціянскай сталасціі ўмацоўвае іх і больш строга абавязвае да таго, каб яны словам і чынам былі сведкамі Хрыста і мужна распаўсюджвалі і абаранялі веру.

Напярэдадні гэтай падзеі адбылося чуванне, падчас якога кандыдаты, іх сведкі і блізкія маліліся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

«Учора на чуванні я моцна хвалялваўся, — дзеліцца сваімі пачуццямі Даніэль Лазараў, — Бежмаванне — гэта наступная прыступка да Бога. Я хваляваўся, таму што ў мяне было шмат і добрых і дрэнных момантаў у жыцці. Сёння я быў спакойны і адчуваў радасць за тое, што Святы Дух мне дае гэтых сем галоўных Дароў, і што перажываў гэта не адзін я, а з усімі, хто сёння прымаў сакрамэнт бежмавання».

Удзяляў сакрамэнт канфірмацыі і ўзначальваў святую Імшу біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. У сваім казанні ён узгадаў чатыры вобразы Святога Духа: агонь, павеў ветру, галубка і ваду.  Як слупом агня Пан Бог вёў габрэйскі народ праз пустыню, і як агнём Ён знішчыў Садом і Гамору, у выглядзе голуба зыходзіў з неба падчас хросту Езуса ў Ярдане, так і ў нашых сэрцах, Дух Святы будзе дзейнічаць і варушыць нас.

Біскуп Аляксандр параўнаў сакрамэнт канфірмацыі з духоўным паўналеццем. «Вы цяпер дарослыя, ужо не вашыя бацькі ці хросныя, а вы самі адказваеце за сваё духоўнае жыццё, за ўзрастанне ў веры і прыклад, які вы даецё іншым». Яго Эксцэленцыя заўважыў некалькі накірункаў адказнасці — за сябе самога, за тых хто побач з намі, за Касцёл і за Айчыну.

Кожны кандыдат выбраў сабе імя святога, які стаўся асаблівым апекуном і прыкладам дальнейшага хрысціянскага жыцця.

На завяршэнне шмат слоў удзячнасці прагучала ў адрас святароў і сясцёр, якія служаць ў парафіі. На працягу года ксёндз Алег рыхтаваў да канфірмацыі групу дарослых, а сястра Кляра групу моладзі.

Пасля Імшы канфірмаваныя і іх блізкія не спяшаліся разыходзіцца. Яны віншавалі адно аднаго, дзяліліся радасцю, уражаннямі. На іх тварах былі усмешкі, у некаторых нават слёзы.

«Я маліўся аб дарах Духа Святога, аб Божым благаслаўленні, аб тым, каб Пан Бог дапамог мне мужна вызнаваць сваю веру у далейшым жыцціі, — распавёў Марцін Палінеўскі, — Калі біскуп благаславіў мяне, я быў вельмі ўзрушаны, я нібыта адчуў дотык Духа Святога».

Сведка Марціна, Павел Бельскі лічыць, што прыняцце сямі дароў змяняе чалавека. «Калі я сам прымаў гэты сакрамэнт 15 гадоў назад, мы, моладзь, пыталіся ў святара які рыхтаваў нас: што гэта дае, што гэта будзе? І ен казаў: “гэта вас зменіць”. А што там зменіцца было не зразумела для нас. І ўжо праз годы я зразумеў, што Дух Святы сыходзіць на цябе, Ён дзейнічае нябачна, ты мяняешся, больш шырока глядзіш на гэты свет, і бачыш тое, што большасць людзей не бачыць. І не заўсёды, але час ад часу, ты ловіш сябе на думцы, што гэта менавіта Дух Святы дзейнічае на цябе».

«Я моцна хвалявалася, нават трошкі забылася, што трэба адказваць, — прызнаецца Марыя Бачыла, — Вельмі ўразіў момант, калі біскуп называў маё новае імя, а калі ён ужо памазаў мяне хрызмам і я пайшла на месца, то ледзь не расплакалася. Гэта адна з найважнейшых падзей у маім жыцці».

Тэкст: Паліна Маісеева
Фота: Віталій Палінеўскі