Як даўно вы чыталі вершы? А калі апошні раз слухалі іх у выкананні таленавітых акцёраў? Тады вам напэўна варта было зазірнуць 13 красавіка ў актавую залу школы №19, дзе адбылося чытанне вершаў польскіх паэтаў для дзяцей.

“Polscy poeci dzieciom. Wiersze znane i lubiane” — гэта традыцыйнае мерапрыемства, на якім “Польска Мацеж Школьна” штогод збірае маленькіх аматараў польскай паэзіі. У гэтым годзе прачытаць любімы верш прыехалі сто трынаццаць хлопцаў і дзяўчынак! Сярод ужо знаных выступоўцаў сёння заззялі і новыя зорачкі — дзеткі, якія вучаць польскую мову ў нашай парафіі. Дванаццаць актораў прадставілі вершы Яна Бжэхвы, Францішка Клімэка, Мар’і Канапніцкай і іншых знаных паэтаў. Пабывалі тэлевядучымі, мастакамі, катом і нават месяцам Сакавіком. А за старанні і талент, канешне, атрымалі дыпломы і падарункі.

“Гэтае марепрыемства дапамаге дзецям вывучаць польскую мову, пазнаць польскіх паэтаў. Нягледзячы на тое, што некаторыя вершы паўтараліся, кожны чытаў іх па-рознаму, што дапамагло нам яшчэ лепей зразумець думку аўтара”, — падзяліўся сваімі ўражаннямі Багдан Сырыца.

“Мне ўсё вельмі спадабалася. Былі вельмі таленавітыя дзеці. Шкада, што ў наступным годзе я ўжо не змагу паўдзельнічаць”, — рэзюмавала Дзіяна Клянцэвіч.

Прагляд сабраў нямала гледачоў: у залі літаральна не хапала месцаў. Мамы, таты, бабулі і дзядулі не шкадавалі далоняў і шчодра адорвалі актораў апладысментамі.

“На мерапрыемстве адчувалася дабразычлівасць, адкрытасць, узаемапаразуменне, уважлівасць з боку педагогаў. Усе удзельнікі атрымалі прызы і дыпломы. Дзеці былі вельмі радыя. Ад прагляду засталіся прыемныя і яскарвыя ўражанні. Без сумніву, засваенне польскай мовы праз удзел у падобных мерапрыемствах дзецям толькі ў радасць!” — пракаментавала Марына Палазнік, мама аднаго з удзельнікаў.

Сваіх маленькіх парафіян прыйшоў падтрымаць і ксёндз Уладзімір: “Лічу, што для дзяцей удзел у такіх мерапрыемствах з’яўляецца добрым і патрэбным досведам, які ў нейкай ступені адлюстроўвае набытыя веды на занятках. Я з гонарам назіраў за выступленнем нашых дзяцей, яны былі вельмі добра падрыхтаваныя і, акрамя прыгожай рэцытацыі, паказалі свае яшчэ і тэатральныя здольнасці”.

Сімвалічна, што “Polscy poeci dzieciom” адбываюцца напярэдадні найважнейшага свята — Вялікадня, свята, якое запрашае нас наноў паглядзець на саміх сябе і  сваё жыццё, заўважыць у ім прыгожае, добрае, светлае. Ці ж не для гэтага існуе і паэзія?

Удзельнікі і іх бацькі выказваюць шчырую падзяку арганізатарам за цудоўнае мерапрыемства, а таксама ксяндзу пробашчу Алегу і ксяндзу Уладзіміру за падтрымку і магчымасць вывучаць мову.

Тэкст: Вольга Пашкевіч
Фота і відэа: кс. Уладзімір Марушэўскі SChr