26 сакавіка ў межах перэгрынацыі па парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў нашую парафію прыбыла фігура святога Міхала Арханёла. Інтэнцыя перэгрынацыі — вялікая малітва за Беларусь праз заступніцтва святога Міхала Арханёла, галоўнага патрона Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і нашага апекуна.

Пасля ўрачыстага прывітання фігуры, адбылося набажэнства да святога Міхала Арханёла, затым распачалася святая Імша, якую ўзначаліў кс. Ігар Лашук, адказны за перэгрынацыю.

«Сёння падчас малітвы аб аздараўленні і вызваленні праз заступніцтва святога Міхала Арханёла мы маліліся за людзей зняволеных нянавісцю, помстлівасцю, непрабачэннем, нязгодаю і азлобленнасццю. Так шмат злых духаў знаходзіцца ў нас, — заўважыў у сваім казанні кс. Ігар Лашук, — Нячыстыя духі, дэманы, якія снуюць у нашым сэрцы, снуюць навокал нас — яны непакояць, раз'ядаюць нас. Але Хрыстос сказаў ясна і коратка: “Я перамог свет”. Святы Міхал Арханёл кажа: “Хто ж як Бог?” Таму паміма ўсіх цяжкасцяў мы маем заступніцтва, мы маем адносіны з Богам, мы ведаем да каго маліцца».

Фігура святога Міхала Арханёла будзе заставацца ў капліцы да 2-га красавіка. На час яе прабывання ў парафіі запланавана спецыяльная малітоўная праграма, насычаная шматлікімі набажэнствамі. Сярод іх варта асабліва адзначыць 24-х гадзінную адарацыю ў інтэнцыі абароны жыцця і сям'і. Таксама ў гэтыя дні з 31 сакавіка па 2 красавіка ў парафіі адбудуцца Велікапосныя рэкалекцыі, якія будзе праводзіць кс. Ігар Лашук. На завяршэнне рэкалекцый парафія развітаецца з фігурай святога Міхала Арханёла.

Даведка

Фігура, якая перэгрынуе, з’яўляецца копіяй фігуры святога Міхала Арханёла з найстарэйшага санктуарыя ў свеце, прысвечанага гэтаму Арханёлу. Санктурый знаходзіцца ў горным масіве Гаргана ў Італіі, на гары святога Анёла, на якой размешчаны гарадок пад гэтай назвай. Культ святога Міхала на гэтым месцы пачынаецца з 5-га стагоддзя.

Гэтая фігура знаходзілася пэўны час ў пячоры аб’яўлення святога Міхала, і была асвечана падчас урачыстасцяў Дня аб’яўлення 8-га мая 2018 года. У гэты ж дзень была перавезена спецыяльным авіярэйсам ў Архікатэдральны касцёл г. Мінска, дзе знаходзілася да 1 ліпеня 2018 года. Падчас працэсіі Божага Цела была пранесена вуліцамі нашай сталіцы, а 1 ліпеня  перавезена ў Будслаўскі санктуарый на час Адпустовых урачыстасцяў. 5 ліпеня 2018 года была перавезена ў парафію святога Міхала Арханёла ў вёску Багданава Валожынскага раёна, для якой і была прывезена з Італіі.

З благаслаўлення Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча гэтая фігура распачала 29 верасня 2018г. перэгрынацыю па парафіях Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзыі і за згодай Каталіцкіх біскупаў Беларусі па парафіях пад тытулам святога Міхала Арханёла ў Беларусі і тых парафіях, якія запрашаюць.

Віталій Палінеўскі паводле JAN.BY і Catholic.by
Фота: Паліна Маісеева
Відэа: Віталій Палінеўскі