Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Дзякуем за падліванне кветкаў. Асабліва дзякуем за складзеныя ахвяры на будову касцёла.  Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

24 чэрвеня (серада) – УРАЧЫСТАСЦЬ НАРАДЖЭННЯ СВ. ЯНА ХРЫСЦІЦЕЛЯ.

Святыя Імша а 7.00, 12.00 і а 19.00. Адпуст у парафіі айцоў салензіянцаў у Мінску.

Постаць святога Яна Хрысціцеля, якога Езус назваў «найбольшым сярод народжаных ад жанчыны», знаходзіцца ў цэнтры гісторыі збаўлення дзякуючы асаблівай місіі гэтага святога быць папярэднікам Сына Божага на зямлі. Пра яго гавораць усе евангелісты. Нараджэнне святога Яна было прадказана Арханёлам Габрыэлем яго бацьку, святару Захарыю, а пры яго з’яўленні на свет прысутнічала Найсвяцейшая Панна Марыя, якая прыйшла адведаць яго маці Альжбету. Яшчэ ва ўлонні маці Хрысціцель узрадаваўся, адчуўшы прысутнасць Месіі.

Ён нарадзіўся на паўгода раней за Хрыста і ў маладым узросце адасобіўся ў Юдэйскай пустыні, дзе вёў вельмі строгае аскетычнае жыццё. Там ён адчуў пакліканне абвяшчаць набліжэнне Божага валадарства і пачаў удзяляць хрост пакаяння ў Ярдане. Вакол яго сабралася супольнасць вучняў, да якой спачатку належалі і некаторыя з апосталаў (Андрэй, Ян). Прыняць ад яго хрост прыйшоў сам Езус, і тады Ян, паказваючы на Хрыста, сказаў: «Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грахі свету». З пачаткам служэння Езуса Хрыста святы Ян засведчыў, што яго місія завяршылася: «Яму час узрастаць, а мне памяншацца». 

Праз пэўны час ён быў зняволены царом Юдэі Ірадам Антыпам у крэпасці Махерон за тое, што публічна крытыкаваў недазволенае сужыццё гэтага цара з Ірадыядай, жонкай роднага брата Ірада. Аднак зняволенне не задаволіла Ірадыяду. Падчас урачыстага банкету цару вельмі спадабаўся танец дачкі Ірадыяды Саламеі, і ён паабяцаў даць ёй за гэта любую ўзнагароду. Помслівая жанчына скарысталася неасцярожнасцю цара і падбухторыла дачку прасіць у яго галаву Яна Хрысціцеля. Ірад выканаў абяцанне, і святы быў забіты. Гэта адбылося каля 30 года. Ян Хрысціцель — апошні прарок Старога Запавету і першы прарок Новага Запавету — першы святы, якога пачалі ўшаноўваць у гісторыі Касцёла. Ён з’яўляецца апекуном многіх гарадоў і краінаў.

1. Праз увесь месяц чэрвень штодня пасля вячэрняй Св. Імшы адбывацца “Чэрвеньскія набажэнствы” на ўшанаванне Найсвяцейшага Сэрца Езуса.  У нядзелю пасля св. Імшы а 12 гадзіне.

2. Як штогод, з Мінску вырушае пілігрымка ў санктуарый Маці Божай Будслаўскай. Сёлета ўрачыстасці ў Будславе адбудуцца 3-4 ліпеня пад дэвізам «Марыя — прытулак грэшных». Усіх жадаючых і маючых магчымасць запрашаем далучыцца да пешай групы пілігрымаў. Пачатак: 29 чэрвеня, пасля святой Імшы на 8.00. Запісацца на пілігрымку можна ў закрыстыі нашай парафіі. Арганізацыйная сустрэча адбудзецца 27 чэрвеня пасля святой Імшы на 19.00. Адбудзецца таксама аўтобусная пілігрымка. Выязд 3 ліпеня ў пятніцу ў вечары і вяртання 4 ліпеня. Кошт злучанны з пілігрымкай 200 000 руб.

3. З 21 па 29 верасня адбудзецца нацыянальная пілігрымка на Святую Зямлю з нагоды асвячэння табліцы з марыйным гімнам «Magnificat» і гімнам «Benedictus» на беларускай мове. Ад нашай парафии таксама  арганизуецца група. Тых, хто яшчэ не запланавау свой адпачынак і жадае далучыцца сардэчна запрашаем. Праз цэлы тыдзень будзем хадзіць па Святой зямлі – зямлі, па якой хадзіў Сын Божы - Езус Хрыстус, наведваць месцы, дзе жыла Святая Сям’я і вучні Хрыстовы і адбываліся шматлікія цуды, апісаныя ў Старым і Новым Запаветах. Кожнага дня будзе адпраўляцца Святая Імша ў розных інтэнцыях. Будзем маліцца разам за Беларусь, аб супакоі ва ўсім свеце, за нашу будову, а таксама падтрымаем адзін аднаго ва ўласных інтэнцыях. Зацікауленых просім звяртацца у закрыстыю.

4. У суботу ксёндз Уладзімір святкуе свае імяніны, запрашаем да малітвы ў інтэнцыі імянінніка на св. Імшу а 19.00.

5. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.