Раскоша любові


Езу, калі прагненне любіць Цябе з'яўляецца такой раскошай, то чым жа будзе валоданне любоўю і жыццё ёю?  Святая Тэрэза ад Дзіцяткі Езус

Дзе сустрэць гэту вялікую святую і Доктара паўсюднага Касцёла? Ці можна вярнуцца ў той кароткі час паміж 1873 і 1897 гадамі, калі яна жыла? Немагчыма. Святая Тэрэза знайшла лепшае выйсце – пілігрымаваць самой: з году ў год, з краіны ў краіну. Гэтым летам яна наведвае Беларусь. У дзень Маці Божай Будслаўскай мы сустракалі яе ў капліцы парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Марыя Кольбэ. У дзень, калі з удзячнасцю ўспаміналі 400-гадовую апеку Марыі ў вобразе Маці Божай Будслаўскай над нашай краінай, у дзень малітваў да святога Антонія Падуанскага з Дзіцяткам Езусам на руках, у маленькую драўляную каплічку прыйшла святая Тэрэзка. Завітала так, як і жыла – без пафасу, проста, даверліва, рэальна, нібы прадбачыла гэты дзень даўным-даўно.

У Літургіі Слова прагучаў псальм 45:

Поўная славы выходзіць дачка Караля. Адзенне яе вышыта золатам. У вышытым адзенні вядуць яе да Караля. За ёю дзяўчаты, сяброўкі яе, уваходзяць да Яго.

"Гаварыце з ёй, як з сяброўкай," – сказаў айцец-кармеліт. Як і калі яна здолела стаць такой блізкай – юная дзяўчына з закрытага кляштару? Але святая Тэрэза праходзіць праз сэрцы мільёнаў людзей на ўсім свеце – лёгкімі крокамі, як малое дзіця, прыносячы з сабой водар чыстага паветра і пялёсткі сваіх малітваў. Яны гояць душэўныя раны, падтрымліваюць у барацьбе супраць сілаў зла, дапамагаюць наблізіцца да Бога, навучыцца любіць. Яна прапануе Малы шлях, якім прайшла сама, вучыць нас раскошы любові – раскошы кожнага, нават найдрабнейшага, чыну і кожнага позірку, калі яны напоўнены любоўю. Сама перэгрынацыя яе рэліквій і яе ціхая прысутнасць сярод нас – дар любові, дар велікадушны, чысты і дзейсны.

Выбраныя думкі святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, сабраныя ў кнізе "Жыць любоўю"

Тэрэза Клімовіч



Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.