Як можна пазнаць Бога?

Как можно узнать Бога? можно сказать, что я верю, но не знаю сама ли я верю или мне невезали это родители. Ольга.

Прывітанне, Вольга! Як можна спазнаць Бога?

Досыць цікавае пытанне, асабліва калі браць пад увагу тое, што чалавек у сваім жыцці моцна абмежаваны ў працэсе пазнання. На маю думку, калі казаць пра набыццё ведаў, то больш за славутых філосафаў, якія таксама імкнуліся пазнаць Бога, даведацца не ўдасца. Усё, што чалавек можа сказаць пра Бога, будуючы свае вывады на логіцы, гэта толькі тое, што Ён ёсць. І Ён разумны.

Усё астатняе — гэта тое, што дае нам пазнаць сам Бог, аб’яўляючы Сябе на старонках Святога Пісання. Чалавек, гледзячы на гэты цудоўны свет, мае магчымасць пазнаць Бога настолькі, наколькі можа пазнаць майстра, гледзячы на яго твор. Таму перш за ўсё прапаную табе часцей заглядаць у Біблію. На яе старонках прамаўляе Бог.

 

Адносна другой часткі твайго пытання магу сказаць толькі тое, што нельга ні прымусіць чалавека паверыць, ні навязаць яму веру. Можаш запытацца: чаму? Прывядзеш шмат прыкладаў розных людзей і сітуацый, калі чалавек, здаецца, быў прымушанны да веры. Я таксама ведаю розныя выпадкі, аднак гэта не столькі вера, колькі прымушэнне да яе практыкавання. А практыкаванне веры — гэта нешта зусім іншае чым сама вера. Акрамя гэтага варта дадаць, што практыка без веры можа быць, а вера без практыкі — не. Думаю, табе не аднойчы даводзілася чуць выказванне: веруючы, але не практыкуючы. Ёсць таксама іншае паняцце: практыкуючы, але няверуючы. Чаму? Таму, што вера — гэта перш за ўсё ласка, дар самаго Бога. А толькі потым адбываецца наш адказ на гэты дар. Як бачыш, заўсёды павінна быць двухбаковае вымярэнне — Бог і ты. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла так кажа пра веру:

«Вера — бескарыслівы дар Бога, даступны кожнаму, хто аб ім з пакорай просіць, — гэта звышпрыродная цнота, неабходная для збаўлення. Акт веры — гэта людскі чын, акт чалавечага розуму, які пад уздзеяннем Божай ласкі дабравольна згаджаецца з Божай праўдай. Акрамя гэтага, вера бясспрэчная, бо заснаваная на Божым слове; яна дзейсная, „бо дзейнічае праз любоў“ (Гал 5, 6); яна няспынна ўзрастае, дзякуючы слуханню Божага слова і малітве. Вера дае нам адчуць нябесную радасць».

Таму, робячы рахунак сумлення, паспрабуй паглядзець на сваю веру не толькі з пункту гледжання на яе практыкаванне, але таксама як на дар, які трэба ў сабе берагчы і павялічваць.

AddThis Social Bookmark Button