14 лютага — Папяльцовая серада, якой у Каталіцкім Касцёле пачынаецца 40-дзённы Вялікі пост. Для вернікаў ён з’яўляецца асаблівым заклікам да пакаяння і перамянення жыцця.

Вялікі пост у Касцёле — гэта таксама час падрыхтоўкі (праз рэкалекцыі і споведзь) да найважнейшага свята ва ўсім літургічным годзе — Уваскрасення Пана, ці велікодных святаў.

Касцёл у гэты святы час заахвочвае да практыкавання добрых учынкаў: малітвы, посту і міласціны, а таксама да ўдзелу ў набажэнствах Мукі Пана: Крыжовым шляху і Песнях жальбы.

Папяльцовая серада атрымала сваю назву ад абраду пасыпання галоваў попелам. У літургіі гэты сімвал суправаджаюць словы святара: «Ты прах і ў прах вернешся» або «Кайцеся і верце ў Евангелле».

Попел, які ў гэты дзень вернікі прымаюць на галовы, — знак прызнання сваёй недасканаласці і залежнасці ад Бога. Акт пасыпання галавы попелам сімвалізуе прыняцце закліку перамяніць сваё жыццё і падкарэктаваць паводзіны.

Попел з’яўляецца таксама знакам жалобы. Ён выражае смутак чалавека, што спазнаў няшчасце. Стары Запавет бачыў сувязь паміж няшчасцем і грахом. Юдэі, якім пагражала смерць, пасыпалі галовы попелам (пар. Эст 4, 1-4).

Псальміст моліцца словамі: «Ем попел, як хлеб, і з плачам мяшаю мой напой» (пар. Пс 102, 10). Попел — сімвал крохкасці чалавечага існавання, якому пагражае хвароба, боль, вайна, смерць.


Попел, якім у гэты дзень святар пасыпае вернікам галовы, паходзіць са спаленых вярбовых галінак, якія ў мінулы год неслі ў працэсіі ў Пальмовую нядзелю.

У Папяльцовую сераду належыць устрымлівацца ад мясных страваў і захоўваць сціслы пост. Гэта азначае, што дапускаецца адзін раз паесці дасыта, пры гэтым не забараняецца спажыць невялікую колькасць ежы раніцай і ўвечары.

Папяльцовая серада і Вялікі пост — нагода, каб прыгледзецца да ўласных паводзінаў.

Касцёл заахвочвае зрабіць на перыяд посту канкрэтную пастанову, каб здолець паглядзець на два асноўныя вымярэнні — адносіны з Богам і бліжнім, а таксама на адносіны ў дачыненні да парафіі, месца працы ці вучобы, каб у гэтым асяроддзі жыць Хрыстовым Евангеллем, адмаўляючыся ад руціны і знешняй фармальнасці.

Варта пажадаць, каб час пакаяння і посту не быў страчаным, а прынёс сталыя плёны хрысціянскай веры, прынёс жаданае перамяненне і супакой.

Catholic.by

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.