ІІІ Нядзеля звычайная 2018

Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

24 студзеня – (серада)  успамін св. Францішка Сальскага, біскупа і доктара Касцёла

Жыў у 1567 – 1622 гг., быў біскупам Жэневы. З’яўляецца аўтарам вядомай кнігі «Філатэя, або шлях да рэлігійнага жыцця». Заахвочваў свецкіх людзей да святасці, а таксама актыўна палемізаваў з кальвіністамі, спрыяючы адраджэнню каталіцтва ў сваёй айчыне. Захавалася каля 2100 яго лістоў, што сваім тэалагічна-аскетычным зместам уяўляюць вялікую каштоўнасць. 

Разам са св. Жаннай Франсуазай дэ Шанталь заснаваў жаночы закон Адведзінаў НПМ. Памёр у Ліёне, быў пахаваны ў касцёле Наведзінаў НПМ у Анэсі. Св. Францішак быў папярэднікам сучаснага душпастырства і стварыў новую школу духоўнасці. У 1923 г. Папа Пій ХІ абвясціў святога апекуном каталіцкай прэсы.

25 студзеня – (чацвер): свята навяртання св. Паўла апостала

Навяртанне святога Паўла з’яўляецца адной з найважнейшых падзей у Касцёле. Саўл клапатлівы фарысей і пераследавацель Касцёла, па прычыне аб’яўлення яму Хрыста Уваскрослага каля брам Дамаска, стаў не толькі Яго вучнем, але і прысвяціў усё сваё жыццё распаўсюджванню Евангелля; вывеў Касцёл з абмежаванасці юдэйскай супольнасцю і прынёс святло Евангелля ў Еўропу, стаўшыся Апосталам Народаў.

26 студзеня – (пятніца): успамін Святых Цімафея і Ціта, біскупаў

Былі вучнямі і супрацоўнікамі св. апостала Паўла. Першы быў кіраўніком касцёла ў Эфесе, а другі — на Крыце. Ім былі накіраваны пасланні Апостала народаў, т. зв. «пастырскія», у якіх знаходзяцца дасканалыя парады для пастыраў і цудоўнае навучанне для ўсіх вернікаў. 

1. Працягваем Каляду – душпастырскія наведванні парафіянаў. На працягу гэтага перыяду, кожная сям’я, якая жадае прыняць святара ў сваім доме, можа падаць картку з адрасам. Перад тым, як прыйсці да вас, мы патэлефануем і папярэдзім.

Адразу хочам вам падзякаваць за магчымасць наведаць вашыя памяшканні, за сведчанне веры, за адкрытасць.

2. Да 25 студзеня ў хрысціянскіх Цэрквах працягваецца Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян.

3. У наступную нядзелю нашу парафію з калядным канцэртам наведае гурт Laudans. Вечарам пасля св. Імшы а 18.00 адбудзецца канцэрт лютністак.

4. Кожны аўторак у капліцы а 19 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

5. Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.


AddThis Social Bookmark Button