Свята святой сям'і: Езуса, Марыі і Юзафа 2017

Сёння свята Святой Сям’і. Святая Сям’я з’яўляецца прыкладам для нашых сем’яў. Святы Юзаф – дасканалы прыклад для айцоў – працавіты, разважлівы, заклапочаны аб доме. Найсвяцейшая Панна Марыя з’яўляецца ідэалам найлепшай маці. А Езус – непараўнальны Сын, Які будучы Богам быў паслухмяны Бацькам і шанаваў кожнае Іх слова. Дзякуем усім вам за супольную малітву і складзеныя ахвяраванні, за прыбіранне і ўпрыгожванне капліцы. Асаблівым чынам дзякуем за складзеныя ахвяры на будову касцёла. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню.

Свята Святой Сям’і – гэта таксама свята нашых сясцёр назарэтанак, заахвочваем да малітвы ў іх інтэнцыі, асабліва за с. Кляру і с. Марыанну.

Сёння апошні дзень каляндарнага года. Пасля Святой Імшы ўвечары адбудзецца набажэнства ўдзячнасці Пану Богу за мінулы год.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

1 студзеня (панядзелак): Урачыстасць Святой Багародзіцы Марыі

Святая Імша  ў  9.00, 10.30, 12.00 і 18.00 (абавязковы ўдзел у літургіі)

2 студзеня (аўторак): Успамін Святога Базыля Вялікага і Грыгорыя Назіянскага, біскупаў і доктароў Касцёла

Святы Базыль нарадзіўся ў 330г. у Цэсарыіі Кападоцкай, навучаўся ў Канстантынопалі і Атэнах. Па вяртанні на айчыну праводзіў жыццё пустэльніка, але ў 370г. стаў біскупам роднага горада. Заставіў пасля сябе знакамітыя тэалагічныя працы і рэгулу, паводле якой жывуць манахі Усходняга Касцёла. Памёр 1 студзеня 379г.

Святы Грыгорый нарадзіўся ў 330г. каля Назыяну. У часы навучання пасябраваў са святым Базылем і быў яго спадарожнікам у жыцці пустэльніка. Аднак быў выбраны святаром, пазней біскупам Канстантынопаля. Праславіўся як знакаміты тэолаг і прамоўца. Паглыбіў каталіцкую навуку аб Святога Троіцы. З прычыны неспакою ў Канстантынопалі пакінуў пасаду біскупа і вярнуўся ў Назыян, дзе памёр каля 390г.

3 студзеня (серада) – Успамін Найсвяцейшага Імя Езуса

Гэта дзень нараджэння кс. Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Заахвочваем да малітвы ў інтэнцыі кс. Мітрапаліта Тадэвуша. Св. Імша ў катэдральным касцёле ў 18.30.

6 студзеня (субота): Урачыстасць Аб’яўлення Пана (Тры Каралі)

Святая Імша ў 8.00, 12.00, 18.00 (абавязковы ўдзел у літургіі)

У гэты дзень узгадваем евангельскую падзею пра тое, як тры каралі (мудрацы) пакланіліся Хрысту і склалі яму ў дар золата, ладан і міру.

З урачыстасцю Аб’яўлення Пана звязаны звычай асвячэння крэйды і кадзіла. Асвячонай крэйдай на дзвярах памяшканняў пішуцца літары К+М+В і актуальны год. Гэтыя літары азначаюць ініцыялы трох каралёў: Каспер, Мельхiёр i Бальтазар. У сярэднявеччы гэта разумелася па-іншаму. Надпіс «С+М+В» (імя Каспар па-лацінску пішацца праз С) выражаў благаслаўленне: «Няхай Хрыстус благаславіць памяшканне!» («Christus mansionem benedicat»).

У наступную нядзелю 7 студзеня Касцёл адзначае свята Хросту Пана, якім завяршаецца перыяд Божага Нараджэння. Згодна з традыцыяй, у гэта свята асвячаецца вада.

На гэтым тыдні таксама прыпадаюць:

Першы чацвер месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да службы Божай

Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса

Дадатковая св. Імша ў 12.00

Першая субота месяца – дзень малітваў да Найсвяцейшай Панны Марыі

Першая нядзеля месяца – а 12 гадзіне св. Імша ў інтэнцыі Жывога Ружанца нашай парафіі.

Інтэнцыя жывога ружанца на месяц студзень: Просім апекі Маці Божай на час душпастырскай візітацыі сем’яў нашай парафіі, каб калядныя адведзіны прынеслі добрыя духоўныя плёны.

1. Паводле традыцыі ў паслякалядным часе адбываецца душпастырская візітацыя сем’яў - каляда. Картачкі з адрасам можна прыносіць ў закрыстыю. Перад тым, як прыйсці да вас, мы спачатку патэлефануем.

2. 6 студзеня пасля Святой Імшы а 18.00 гадз. адбудзецца “парафіяльнае калядаванне”. Усе разам заспяваем калядныя песні. Запрашаем да удзелу сем’і  і парафіяльныя групы.

3. Аплатковая сустрэча Жывога Ружанца адбудзецца 7 студзеня ў нядзелю ў 14.00.

4. Арганізоўваем семінар на тэму метадаў распазнавання плоднасці. Першая сустрэча адбудзецца 8 студзеня ў панядзелак. Семінар будуць праводзіць спецыялісты Уладзіслаў Валаховіч і Людміла Буракова. Усіх зацікаўленых просім звяртацца да нас, каб запісацца.

5. 6. Кожны аўторак у капліцы а 19 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

7. Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.

AddThis Social Bookmark Button