IV Нядзеля Адвэнту 2017

Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыгатаванне капліцы на святы Божага Нараджэння, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню.

25 снежня (панядзелак): – УРАЧЫСТАСЦЬ НАРАДЖЭННЯ ПАНА ЕЗУСА

Святочная Святая Імша а 9.00, 10.30, 12.00 і 18.00.

26 снежня (аўторак) – Свята св. Стэфана, першамучаніка

Святы Стэфан быў адным з сямі памочнікаў Апосталаў у Ерусалімскім Касцёле. Паводле Дзеяў Апостальскіх, “поўны ласкі і моцы Духа Святога” абвяшчаў Добрую Навіну з мудрасцю, якой ніхто не мог супрацьстаяць. Першы мучанік, сведчачы сваёй смерццю аб праўдзівасці пасланніцтва Хрыста і Яго навукі, ажыцявіў ідэал дасканалага наследвання Пана. Існуе вялікае падабенства паміж смерццю Пана Езуса і Святога Стэфана: фальшывыя сведкі, смерць за горадам, адданне Езуса і Стэфана Богу Айцу, прабачэнне пераследвальнікам. Культ гэтага святога бярэ свой пачатак з IV стагоддзя.

Святочная Святая Імша а 7.00 і 19.00 

27 снежня (серада) – ПАРАФІЯЛЬНАЯ ЎРАЧЫСТАСЦЬ СВЯТОГА ЯНА, АПОСТАЛА І ЕВАНГЕЛІСТА 

Святы Ян быў любімым вучнем Пана Езуса. Быў сведкам Перамянення Пана і пакутаў у Аліўным Садзе. На Апошняй Вячэры заснуў на грудзях Збаўцы. Паміраючы на крыжы, Пан Езус аддаў яму ў апеку Сваю Маці. Святы Ян напісаў Евангелле, тры апостальскія лісты і Апакаліпсіс. Згодна з прадказаннем Езуса Хрыста Святы Ян памёр натуральнай смерццю ў сталым узросце. Евангелле Святога Яна, якое дапаўняе іншыя, мае найглыбейшы выклад Божых таямніц. Ва Усходнім Касцёле Святому Яну нададзены тытул тэолага. У хрысціянскім іканапісе сімвалам Святога Яна ёсць арол.

7.00 – Святочная Святая Імша

19.00 – Урачыстая адпустовая Святая Імша і благаслаўленне віна. Цэлебруе біскуп Аляксандр Яшэўскі. 

28 снежня (чацвер): Свята Святых Немаўлят, мучанікаў

З паловы VI стагоддзя Касцёл у перыядзе Божага Нараджэння адзначае ўспамін смерці бэтлеемскіх дзяцей, закатаваных па загадзе Ірада. Святыя Немаўляты з’яўляюцца першымі плёнамі збаўчай справы, распачатай прыйсцем Хрыста на зямлю. Аддаючы жыццё за Хрыста яны атрымалі хрост крывёю і заслужылі сабе ў Бога падвойны арэол дзявіцтва і мучаніцтва.

31 снежня (нядзеля): Свята Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа.

Святога Сям’я з’яўляецца найдасканалай сям’ёй і прыкладам для нас, нашых сем’яў. Святога Юзаф – дасканалы прыклад для айцоў – працавіты, разважлівы, заклапочаны аб доме. Найсвяцейшая Панна Марыя з’яўляецца ідэалам найлепшай маці. А Езус – непараўнальны Сын, Які будучы Богам быў паслухмяны Бацькам і шанаваў кожнае Іх слова.

Гэта таксама апошні дзень каляндарнага года. Пасля Святой Імшой у вечары, адбудзеца набажэнства ўдзячнасці Пану Богу за мінулы год.

1 студзеня (панядзелак): Урачыстасць Святой Багародзіцы Марыі.

Святыя Імшы а 9.00, 10.30, 12.00 і 18.00.

1. У закрыстыі можна набыць каляндары на 2018 год, аплаткі на вігілійны стол і свечку CARITAS.

2. У наступную нядзелю ў Свята Святой Сям’і на кожнай Святой Імшы будзем у асаблівы спосаб маліцца аб Божым благаслаленні для сем’яў нашай парафіі.

3. 6 студзеня пасля вечаровай Святой Імшы адбудзецца “парафіяльае калядаванне”. Усе разам заспяваем калядныя песні. Запрашаю да удзелу сем’і нашай парафіі.

4. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.


AddThis Social Bookmark Button