Нядзеля Хрыста Валадара Сусвету 2017

Сардэчна дзякую ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя сёння ахвяраванні, якія прызначаюцца на патрэбы Духоўнай Семінарыі. Асабліва дзякуем за складзеныя ахвяры на будову касцёла.  Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню.

Урачыстасць Хрыста – Валадара Сусвету: гэта апошняя нядзеля літургічнага года. Наступная нядзеля 3 снежня гэта першая нядзеля Адвэнту, якой распачынаем новы літургічны год і падрыхтоўку да ўрачыстасці Божага Нараджэння.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

30 лістапада (чацвер): Свята Святога Андрэя Апостала

Паходзіў з Бэтсаіды (Галілея). Быў братам Сымона-Пятра. Абодва яны былі рыбакамі і жылі ў Капернауме, на беразе Генісарэцкага возера. Згодна з Евангеллем паводле св. Яна, Андрэй спачатку належаў да супольнасці вучняў св. Яна Хрысціцеля, а потым па парадзе свайго настаўніка пайшоў за Езусам, узяўшы з сабою брата. Такім чынам Андрэй стаў першым вучнем Хрыста, і таму ва ўсходняй традыцыі яго называюць «Першазваным». У сінаптычных Евангеллях апісана сцэна паклікання галілейскіх рыбакоў Андрэя і Пятра, якая адбылася пазней на беразе Генісарэцкага возера, пасля чаго браты ўжо не пакідалі Езуса і паўсюль спадарожнічалі яму. Паводле некаторых звестак, пасля смерці і ўваскрасення Месіі Андрэй скіраваўся на місію ў Грэцыю і Турцыю. 30 лістапада 60 г. у грэцкім горадзе Патрасе ён прыняў мучаніцкую смерць праз укрыжаванне: апостал быў прыбіты да крыжа ў форме літары «Х» — т. зв. крыжа св. Андрэя.

1. На гэтым тыдні таксама прыпадаюць:

Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса

Першая субота месяца – дзень малітваў да Найсвяцейшай Панны Марыі

Першая нядзеля месяца – а 12 гадзіне св. Імша ў інтэнцыі Жывога Ружанца нашай парафіі.

Інтэнцыя жывога ружанца на снежань: Каб час Адвэнту і Божага Нараджэння быў часам нашага навяртання да Езуса і духоўнага адраджэння нашых сем'яў.

2. На гэтым тыдні ў сераду перад вячэрняй Святой Імшой адбудзецца набажэнства за памерлых: у 18.30 – выпамінкі, Вяночак да Божай Міласэрнасці.

3. Сёння ў 14.30 адбудзецца канцэрт духоўнай музыкі. Канцэрт правядзе народная вакальная студыя Рэспубліканскага Дварца прафсаюзоў.

4. Сёння можна будзе набыць свечкі карытас на вігілійны стол, ёсць таксама каляндары.

5. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.

AddThis Social Bookmark Button