ХХV Нядзеля звычайная 2017

Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за дапамогу ў рэмонтах. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

27 верасня  (серада) Успамін Св. Вінцэнта дэ Поля

Нарадзіўся 24 красавіка 1581 г. у мястэчку Пуі ў французскай Гасконі, якое сёння ў гонар святога называецца Сэн-Вэнсан-дэ-Поль. Бацькі Вінцэнта былі сялянамі. У 19-гадовым узросце ён стаў святаром і праз дванаццаць гадоў святарскага служэння быў прызначаны пробашчам парафіі Клішы ў Парыжы. У 1617 г. святар прысягнуў да канца свайго жыцця служыць бедным і ў тым жа годзе арганізаваў Брацтва міласэрнасці — супольнасць свецкіх сясцёр. Праз тры гады ён заснаваў мужчынскае таварыства служыцеляў бедных, а ў 1625 г. — законную супольнасць Місій, заданнем якой стала падрыхтоўка місій і клопат пра выхаванне духавенства. Святы лічыцца апекуном дабрачынных арганізацый. 

29 верасня (пятніца) Урачыстаць св. Міхала Арханёла (апекуна Мінска-Магілёўскай правінцыі Касцёла), св. Габрыэля і Рафала, арханёлаў

Дадатковая Св. Імша а 12:00 гадзіне.

Арханёл Міхал — Апякун Касцёла ў Беларусі — мае шмат розных найменняў: Князь Анёлаў, Анёл Справядлівасці, Ахоўнік Раю, Абаронца Хрыстовага Касцёла, Князь Душаў, Пасланнік Бога, які перадае людзям Божыя наказы. Імя Міхал (габрэйск. Міхаэль), што азначае хто як Бог?, некалькі разоў узгадваецца ў Святым Пісанні, а асабліва ў Апакаліпсісе святога Яна Багаслова (Ап 12, 7-12), дзе апісваецца змаганне Анёлаў Божых на чале з Арханёлам Міхалам і ўзбунтаваных супраць Бога анёлаў сатаны.

У Евангеллі гаворыцца яшчэ пра аднаго Арханёла — Габрыэля, які прадказаў святару Захарыі нараджэнне сына — святога Яна Хрысціцеля, а Панне Марыі звеставаў нараджэнне Езуса Хрыста. Арханёл Рафал згадваецца ў старазапаветнай кнізе Тобія. Ён ахоўвае людзей ад хваробаў і ранаў, лечыць іх, а таксама апякуецца і спрыяе тым, хто ў дарозе. Акрамя таго, Арханёл Міхал лічыцца апекуном вайскоўцаў, Габрыэль — паштароў, а Рафал — медыкаў.

30 верасня (субота) успамін св. Гераніма, святара і доктара Касцёла

Нарадзіўся ў Далмацыі ў 330 у сям'і грэка або ілірыйца. У Рыме атрымаў выдатную для свайго часу адукацыю, потым наведаў іншыя навуковыя цэнтры. У 373 накіраваўся на Блізкі Усход, папярэдне прыняўшы хрысціянства. Два гады правёў у Антыёхіі, пасля накіраваўся ў Халкідонскую пустыню, дзе аддаўся подзвігам аскетызму, вывучэнню яўрэйскай і халдзейскай моў. Наведаўшы Палесціну, Геранім накіраваўся ў Канстанцінопаль, а адтуль зноў у Рым, дзе папа Дамас I зрабіў яго сваім дарадчыкам. Пасля смерці папы (385) назаўсёды пакінуў сталіцу імперыі, вярнуўся ў Палесціну і пасяліўся ў Віфлееме, дзе заснаваў мужчынскі манастыр, вучыў дзяцей і манахаў. Там ён сабраў вялікую бібліятэку, паглыбляў свае веды па старажытных мовах і літаратурах і займаўся перакладам Бібліі на лацінскую мову. Пераклад Геранім, вядомы пад назвай Вульгаты, пасля афіцыйна быў прызнаны каталіцкім касцёлам кананічным. 

1.Бацькоўскі сход першакамунійных дзяцей 28 верасня пасля Святой Імшы на 19.00.

2.У панядзелак у 20.30 запрашаем на біблійныя сустрэчы.

3.Пачынаючы ад 1 кастрычніка ў нашай капліцы будуць ладзіцца ружанцовыя набажэнствы. У звычайныя дні ў 18.30 і ў нядзелю перад  святой Імшы а 12 гадзіне. 

4.У наступную нядзелю а 10:30 асаблівым чынам будзем маліцца ў інтэнцыі настаўнікаў і выхавацеляў.

5.Кожны аўторак а 19.00 у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага і св. Імша складковая. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

 Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.


AddThis Social Bookmark Button