ХХІV Нядзеля звычайная 2017

Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

20 верасня (серада): успамін св. Андрэя Кім Таэгона, святара, і Паўла Чон Хасана, і паплечнікаў, мучанікаў

Кім Таэгон нарадзіўся 21 жніўня 1821 г. у Карэі ў сям’і хрысціянаў і пры хросце атрымаў імя Андрэй. Нягледзячы на жорсткі пераслед хрысціянскай веры, які лютаваў тады ў Карэі, Андрэй Кім захаваў ёй вернасць і ў 1845 г. прыняў у Шанхаі (Кітай) святарскае пасвячэнне, стаўшы першым каталіцкім святаром карэйскага паходжання. Рызыкуючы жыццём, ён вярнуўся на радзіму, пасля чаго дапамог таксама іншым святарам прабрацца ў Карэю.

Праз год пасля пасвячэння, 16 верасня 1846 г., у Сеуле, Андрэй быў арыштаваны і бязлітасна забіты праз адсячэнне галавы. У гады пераследу хрысціянства ў Карэі загінула шмат іншых хрысціянаў, сярод якіх вядомы сваім адданым апостальскім служэннем свецкі вернік Павел Чон Хасан. Ён прыняў мучаніцкую смерць ва ўзросце 44-х гадоў 22 верасня 1839 г. пасля доўгіх катаванняў, якімі яго спрабавалі прымусіць адрачыся ад «чужой рэлігіі». У 1984 г. Папа Ян Павел ІІ кананізаваў 103 карэйскіх мучанікаў, якія аддалі жыццё за веру. Святога Андрэя Кім Таэгона асаблівым чынам ушаноўваюць у яго на радзіме, перш за ўсё мясцовыя святары.

21 вераня (чацвер): свята св. Мацвея, апостала і евангеліста

У Евангеллі сам Мацвей так апісвае сваё пакліканне: «Калі Езус праходзіў, убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, па імені Мацвей, і сказаў яму: Ідзі за Мною. Ён устаў і пайшоў за Ім». Гэтае Евангелле з’явілася каля 41 – 42 гг. і, паводле старажытных сведчанняў і заключэння Біблейскай камісіі, было напісана на габрэйскай мове. 

Да паклікання ў супольнасць апосталаў Мацвей быў мытнікам у Капернауме, горадзе, які знаходзіўся на заходнім беразе Генісарэцкага возера. Ён меў таксама і другое імя — Левій. Згодна з традыцыяй, пасля ўнебаўшэсця Хрыста Мацвей каля 42 г. пакінуў Палестыну і накіраваўся абвяшчаць Евангелле ў Егіпце і Эфіопіі. Там ім былі здзейсненыя шматлікія аздараўленні. Не захавалася звестак пра тое, дзе і пры якіх абставінах загінуў апостал, але ўжо першыя хрысціяне ўшаноўвалі яго як мучаніка. Святы Мацвей з’яўляецца апекуном мытнікаў і банкіраў, а таксама ратуе ад алкагалізму. 

23 верасня (субота):  успамін Святога Піа з Петрэльчыны

Франчэско Фарджонэ — будучы падрэ Піо — нарадзіўся 25 мая 1887 г. у П’етрэльчыне (Паўднёвая Італія). У шаснаццацігадовым узросце ўступіў у закон капуцынаў і праз сем гадоў прыняў святарскае пасвячэнне. У 28 гадоў айцец Піо атрымаў стыгматы — раны, як у Езуса Хрыста, што прычынялі яму нясцерпны боль. З-за накладзеных на яго абмежаванняў падрэ Піо прысвяціў сябе паглыбленаму духоўнаму жыццю, асабліва культу Эўхарыстыі, Мукі Пана і Маці Божай Балеснай, а таксама апостальству споведзі. Перад яго канфесіяналам у касцёле кляштара Сан Джаванні Ратондо выстройваліся вялікія чэргі тых, хто хацеў у яго спавядацца.

1. Бацькоўскі сход “Божых Каровак” 21 верасня пасля Святой Імшы на 19.00.

2. У панядзелак 18 верасня разпчынаем біблійныя сустрэчы ў 20.30.

3. Кожны аўторак а 19.00 у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага і св. Імша складковая. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

  Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.


AddThis Social Bookmark Button