ХХ Нядзеля звычайная 2017

Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

21 жніўня (панядзелак) Успамін св. Пія X, папы


Джузепе Сарто, будучы Папа Пій Х, нарадзіўся 2 чэрвеня 1835 г. на поўначы Італіі ў беднай сям’і. Ён прыняў святарскае пасвячэнне і ў 1884 г. стаў біскупам Мантуі, а праз адзінаццаць гадоў — патрыярхам Венецыі і кардыналам. 4 жніўня 1903 г. ён быў абраны Папам і з самага пачатку свайго пантыфікату праявіў сябе як душпастыр і рэфарматар: выступаў за тое, каб дзеці прымалі Першую святую Камунію як мага раней, падтрымліваў часты ўдзел у Эўхарыстыі, рэфармаваў рэлігійнае жыццё духавенства і вернікаў, паспрыяў паляпшэнню падрыхтоўкі святароў, аднавіў грыгарыянскі харал, Рымскі Імшал, Брэвіярый і каляндар. 

Дэвізам пантыфікату Пія Х былі словы: «Аднавіць усё ў Хрысце» (Эф 1, 10). Папа займаў актыўную пазіцыю ў тагачасным палітычным жыцці і адыгрываў у ім далёка не апошнюю ролю. Калі Пію Х не ўдалося прадухіліць пачатку Першай сусветнай вайны, ён гэта вельмі цяжка перажыў і звярнуўся да ўсіх католікаў свету са спецыяльным пасланнем, у якім падкрэсліваў, што Хрыстус з’яўляецца «Князем супакою». Пій Х памёр праз некалькі дзён пасля пачатку вайны, якую ён прадбачыў, і яго назвалі «першай яе ахвярай». Ён быў пахаваны ў базыліцы святога Пятра ў Рыме. На месцы яго пахавання адбылося шмат цудаў.

22 жніўня (аўторак): Успамін НПМ Каралевы

24 жніўня (чацвер):  Свята Святога Барталамея, апостала

Святы Барталамей, (што па-габрэйску азначае сын Таламея ці сын аратая), хутчэй за ўсё, меў імя Натанаэль. Ён нарадзіўся на пачатку І ст. у Кане Галілейскай, а да Хрыста яго прывёў апостал Філіп. Пасля ўваскрасення Збаўцы Барталамей абвяшчаў Евангелле ў Арменіі, Месапатаміі і Індыі, аздараўляючы хворых і апантаных. Апостал быў забіты ў сярэдзіне І ст.: з яго жыўцом садралі скуру. Святы Барталамей з’яўляецца апекуном шахцёраў і мяснікоў, а таксама яго заступніцтва просяць пры нервовых і скурных хваробах. 

26 жніўня (субота): Успамін Найсвяцейшай Панны Марыі Чэнстахоўскай

Абраз Маці Божай, які знаходзіцца ў кляштары айцоў паўлінаў на Яснай Гары, слыне вялікімі цудамі. Ушанаванне гэтага абраза павялічылася ад часоў абароны Яснай Гары ад шведаў. У 1717 годзе абраз каранаваны, і Ясная Гара стала галоўным месцам культу Маці Божай у Польшчы.

1. Сёння разпачынаем ’’Канікулы з Богам’’ для дзяцей і моладзі, якія працягнуцца да 30 жніўня.  

2. На гэтым тыдні раняшняя Св. Імша будзе адпраўляцца ў 8.15.

3. У закрыстыі можна запісаць дзяцей на катэхезу (катэхеза распачынаецца ў 1 класе).

4. Кожны аўторак а 19.00 у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага і св. Імша складковая. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

   Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.


AddThis Social Bookmark Button