ХІ Нядзеля звычайная 2017

Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

21 чэрвення (серада) Успамін св. Алаізія Ганзагі, законніка

Нарадзіўся 9 сакавіка 1568 г. на поўначы Італіі. Нягледзячы на сваё высокае паходжанне, ва ўзросце 17 гадоў адмовіўся ад спадчыны і ўступіў у Рыме ў Таварыства Езуса (ордэн езуітаў). Глыбокая пабожнасць і суровы лад жыцця спалучаліся ў Алаізія з вялікаю любоўю да хворых і да ўсіх, каму была патрэбная дапамога. Падчас эпідэміі чумы, якая лютавала ў Рыме, ён аддана дапамагаў хворым і клапаціўся пра годнае пахаванне тых, хто загінуў ад пошасці. У выніку Алаізій заразіўся сам і памёр 21 чэрвеня 1591 г. ва ўзросце 23 гадоў. Яго рэліквіі спачываюць у рымскім касцёле святога Ігнацыя. Святы Алаізій Ганзага з’яўляецца апекуном моладзі і студэнтаў, а таксама тых, хто выбірае свой жыццёвы шлях. Яго заступніцтва просяць пры заразных хваробах і хваробах вачэй. 

23 чэрвеня (пятніца) - УРАЧЫСТАСЦЬ НАЙСВЯЦЕЙШАГА СЭРЦА ЕЗУСА

У гэты дзень будзем маліцца аб святасці для святароў.

Святыя Імша а 12.00 і 19.00.  У гэты дзень нас не абавязвае пост.

24 чэрвеня (субота) – УРАЧЫСТАСЦЬ НАРАДЖЭННЯ СВ. ЯНА ХРЫСЦІЦЕЛЯ.

Святыя Імша а 19.00. Адпуст у парафіі айцоў салензіянцаў у Мінску.

Постаць святога Яна Хрысціцеля, якога Езус назваў «найбольшым сярод народжаных ад жанчыны», знаходзіцца ў цэнтры гісторыі збаўлення дзякуючы асаблівай місіі гэтага святога быць папярэднікам Сына Божага на зямлі. Пра яго гавораць усе евангелісты. Нараджэнне святога Яна было прадказана Арханёлам Габрыэлем яго бацьку, святару Захарыю, а пры яго з’яўленні на свет прысутнічала Найсвяцейшая Панна Марыя, якая прыйшла адведаць яго маці Альжбету. Яшчэ ва ўлонні маці Хрысціцель узрадаваўся, адчуўшы прысутнасць Месіі.

Ён нарадзіўся на паўгода раней за Хрыста і ў маладым узросце адасобіўся ў Юдэйскай пустыні, дзе вёў вельмі строгае аскетычнае жыццё. Там ён адчуў пакліканне абвяшчаць набліжэнне Божага валадарства і пачаў удзяляць хрост пакаяння ў Ярдане. Вакол яго сабралася супольнасць вучняў, да якой спачатку належалі і некаторыя з апосталаў (Андрэй, Ян). Прыняць ад яго хрост прыйшоў сам Езус, і тады Ян, паказваючы на Хрыста, сказаў: «Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грахі свету». З пачаткам служэння Езуса Хрыста святы Ян засведчыў, што яго місія завяршылася: «Яму час узрастаць, а мне памяншацца». 

Праз пэўны час ён быў зняволены царом Юдэі Ірадам Антыпам у крэпасці Махерон за тое, што публічна крытыкаваў недазволенае сужыццё гэтага цара з Ірадыядай, жонкай роднага брата Ірада. Аднак зняволенне не задаволіла Ірадыяду. Падчас урачыстага банкету цару вельмі спадабаўся танец дачкі Ірадыяды Саламеі, і ён паабяцаў даць ёй за гэта любую ўзнагароду. Помслівая жанчына скарысталася неасцярожнасцю цара і падбухторыла дачку прасіць у яго галаву Яна Хрысціцеля. Ірад выканаў абяцанне, і святы быў забіты. Гэта адбылося каля 30 года. Ян Хрысціцель — апошні прарок Старога Запавету і першы прарок Новага Запавету — першы святы, якога пачалі ўшаноўваць у гісторыі Касцёла. Ён з’яўляецца апекуном многіх гарадоў і краінаў.

1. Праз увесь месяц чэрвень штодня пасля вячэрняй Св. Імшы адбывацца “Чэрвеньскія набажэнствы” на ўшанаванне Найсвяцейшага Сэрца Езуса.  У нядзелю пасля св. Імшы а 12 гадзіне.

2. Запрашаем прыняць удзел у пілігрымке да Будслава. Запісацца на пілігрымку можна ў закрыстыі нашай парафіі. Пачатак пешай пілігрымкі 26 чэрвеня, пасля святой Імшы на 8.00. Арганізацыйная сустрэча адбудзецца 24 чэрвеня пасля святой Імшы на 19.00. Кошт злучанны з пілігрымкай 40 руб. 

Адбудзецца таксама аўтобусная пілігрымка. Выязд 30 чэрвеня ў пятніцу ў вечары і вяртання 1 ліпеня. Кошт злучанны з пілігрымкай будзе пададзенны пазней.

3. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

   Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.


AddThis Social Bookmark Button