Нядзеля Спаслання Духа Святога 2017

Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

5 чэрвеня (панядзелак) - Успамін св. Баніфацыя, біскупа і мучаніка.

Нарадзіўся каля 674 г. у Вэсэксе (Англія). Быў выхаванцам бэнэдыктынцаў. Праз пэўны час Баніфацый сам уступіў у ордэн бэнэдыктынцаў і ўзначаліў адну з манаскіх школаў. Ва ўзросце 40 гадоў пачаў займацца навуковай дзейнасцю, складаючы першую пісьмовую ангельскую граматыку. У 718 г. Папа Грыгорый ІІ скіраваў Баніфацыя з евангелізацыйнай місіяй у паганскую ў тыя часы Цюрынгію.

Некалькі гадоў Баніфацый паспяхова працаваў па ўсёй Германіі, абвяшчаючы Божае слова і засноўваючы дыяцэзіі. Усяго на нямецкіх землях ён заснаваў 7 дыяцэзій. У 722 г. Баніфацый быў кансэкраваны як біскуп-місіянер, а праз 10 гадоў стаў арцыбіскупам і папскім вікарыем у Германіі. 5 чэрвеня 754 г. падчас аднаго з місіянерскіх падарожжаў на тэрыторыі Нідэрландаў Баніфацый разам з 52 паплечнікамі быў забіты паганамі. Сваёй дзейнасцю святы Баніфацый заклаў падмурак еднасці хрысціянскай Еўропы, і таму яго называюць «апосталам Германіі» і «заснавальнікам Захаду і Еўропы». Да рэліквій святога, якія спачываюць у заснаваным ім кляштары ў Фулдзе, на працягу стагоддзяў прыходзілі і працягваюць прыходзіць шматлікія пілігрымы. Баніфацый з’яўляецца апекуном краўцоў і півавараў.

8 чэрвеня (чацвер) – Свята Езуса Хрыста Найвышэйшага і Вечнага Святара  

1. Нагадваем, што з 1 чэрвеня 2017 змяніўся расклад набажэнстваў на час летніх канікулаў. У буднія дні св. Імша будзе толькі а 19.00, а нядзельная вечаровая св. Імша пераносіцца з 18.00 на 19.00. 

Расклад набажэнстваў:

Святая Імша ў нядзелю: 9.00, 10.30, 12.00, 19.00

у суботу: 19.00

у будні: 19.00

2. Праз увесь месяц чэрвень штодня пасля вячэрняй Св. Імшы адбывацца “Чэрвеньскія набажэнствы” на ўшанаванне Найсвяцейшага Сэрца Езуса.  У нядзелю пасля св. Імшы а 12 гадзіне.

3. У аўторак пасля вечаровай Св. Імшы арганізацыйнае спатканне для бацькоў перад выяздам дзяцей на “Канікулы з Богам”.

4. У закрыстыі можна запісваць дзяцей на катэхезу на наступны навучальны год.

5. Запрашаем прыняць удзел у пілігрымке да Будслава. Запісацца на пілігрымку можна ў закрыстыі нашай парафіі. Адбудзецца таксама аўтобусная пілігрымка.

6. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.


AddThis Social Bookmark Button