V Велікодная нядзеля 2017

Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

16 мая (аўторак) - успамін св. Андрэя Баболі, святара і мучаніка

Нарадзіўся каля 1591 г. Пасля заканчэння сярэдняй школы уступіў у ордэн езуітаў у Вільні. Прайшоўшы курс філасофіі і тэалогіі ў Віленскім універсітэце, у 1622 г. атрымаў святарскае пасвячэнне і цалкам прысвяціў сябе душпастырскаму служэнню ў тых мясцінах, куды яго выпраўляла духоўнае кіраўніцтва. З 1642 г. ён вёў адданую місіянерскую дзейнасць на Піншчыне. У той час рэлігійнае жыццё палешукоў было ў вельмі занядбаным стане: у народзе панавалі шматлікія забабоны, людзі амаль не ўдзельнічалі ў набажэнствах.


Aндрэй Баболя хадзіў праз балоты з вёскі ў вёску, несучы святло Божай праўды ў самыя аддаленыя куточкі Палесся. Ён добра ведаў творы ўсходніх айцоў Касцёла і заўсёды мог аргументавана адстойваць аўтарытэт каталіцтва ў розных рэлігійных дыспутах. Дзякуючы яго намаганням шмат людзей навярнулася да Бога і паядналася з Каталіцкім Касцёлам. З-за гэтага Андрэя Баболю называлі апосталам Піншчыны і «душахватам».

У той жа час рэзка абвастрыліся адносіны паміж канфесіямі, у першую чаргу — з праваслаўнаю. Супярэчнасці на рэлігійнай глебе імкнуліся выкарыстаць для дасягнення сваіх брудных мэтаў розныя сілы. Адной з такіх сілаў былі казакі, якія дзейнічалі цалкам бескантрольна і тэрарызавалі ўсё мясцовае насельніцтва. У сераду 16 мая 1657 г. казакі уварваліся ў Янаў Палескі (сучаснае Іванава Брэсцкай вобл.), дзе яны забілі ўсіх каталікоў і жыдоў, не зважаючы на ўзрост, пол і паходжанне. 

Даведаўшыся, што незадоўга перад гэтым з Янава выйшаў Андрэй Баболя, выправіліся за ім у пагоню. Схапіўшы, яго страшэнна збілі і, прывязанага паміж двума канямі, прыцягнулі ў Янаў. Там казакі некалькі гадзін люта здзекаваліся са сваёй ахвяры, выдумляючы ўсё новыя жахлівыя катаванні, пасля чаго два ўдары шабляй перарвалі зямное жыццё святога. Яго знявечанае цела было прывезена ў Пінск, пазней — у Полацк. Савецкія ўлады перавезлі рэліквіі святога ў Маскву і, як знак удзячнасці Папу за дапамогу ў час голаду на пачатку 20-х гг., перадалі іх у Рым. Пасля кананізацыі Андрэя Баболі, якая адбылася ў 1938 г., рэліквіі былі перададзены Польшчы і цяпер знаходзяцца ў Варшаве. Святы Андрэй Баболя з’яўляецца апекуном Пінскай дыяцэзіі, 4-м апекуном Польшчы і патронам чыгуначнікаў.

1. Сёння падчас Св. Імшы на 13.30 будзем святкаваць першую гадавіну Першай Святой Камуніі дзетак нашай парафіі. 

2. Таксама сёння  заканчваецца катэхетычны год для дзяцей і моладзі. Запрашаем на салодкі стол і супольную забаву ў 14.30.

Шчыра дзякуем кожнаму, хто ў гэтым годзе дапамагаў у душпастырстве дзяцей і моладзі сваім ахвярным служэннем, асаблівым чынам нашым дарагім катэхеткам, кіраўнічкам хораў, шэфам ‘’Божых Каровак’’, ‘’Ваўчанятаў’’ і скаўтак: Алене Міхайлаўне Шымак, Марыне Уладзіславаўне Пашкевіч, Ірыне Андрэеўне Лісічкінай, Алене Леанідаўне Юршо, Вользе Уладзіславаўне Пашкевіч, Марыне Валянцінаўне Ягела, Лізавеце Шыцікавай, Марыне Гарашэвіч, Таццяне Мазун, Марыне Рашчынскай, Аксане Ючкавіч, Паўлу Чагану, Вадзіму Бачкоўскаму, Вікторыі Касцючэнка, Ганне Журко і усім, хто ў вельмі разнастайны спосаб нас падтрымліваў і дапамагаў. Дзякуем Пану Богу за Вас і Вашае служэннне!

3. Праз увесь месяц май штодня у капліцы пасля вячэрняй Св. Імшы адбываюцца ”Маёвыя набажэнствы” да Найсвяцейшай Марыі Панны. У нядзелю пасля св. Імшы а 12 гадзіне.

4. У закрыстыі можна запісваць дзяцей на катэхезу на наступны навучальны год.

5. На гэтым тыдні заканчваецца запіс на дзіцячыя і моладзевыя летнікі, якія будуць адбывацца на выездзе. Ад сённяшняга дня можна запісваць дзяцей і моладзь на Канікулы з Богам, якія пройдуць з 20 да 30 жніўня ў нашай парафіі.

6. У наступную нядзелю 21 мая падчас св. Імшы ў 13.30 Яго Эксцэленцыя Кс. Бп Юрый Касабуцкі ўдзеліць сакрамэнт канфірмацыі групе нашай моладзі і дарослых. Рэпетыцыі для кандыдатаў адбудуцца сёння пасля вечаровай св. Імшы і ў суботу 20 мая ў 10.00. 

7. 28 мая па вуліцах сталіцы пройдзе Эўхарыстычная працэсія. Па традыцыі працэсіі будзе папярэднічаць святая Імша, якая распачнецца ў 9.00 каля касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы. 

Сёлета працэсія будзе прысвечана разважанню на тэму «Фацімскае пасланне Марыі — шлях да навяртання». Удзельнікі працэсіі будуць несці фігуру Маці Божай Фацімскай, перэгрынацыя якой адбываецца па парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Падчас працэсіі — ад 9.00 да 14.00 — у мінскіх касцёлах, капліцах і іншых месцах малітвы горада святыя Імшы цэлебравацца не будуць. Таксама ў нашай капліцы не будзе св. Імшы а 9.00, 10.30, 12.00 і 13.30.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.


AddThis Social Bookmark Button