Нядзеля Божай Міласэрнасці 2017

Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

25 красавіка (аўторак): СВЯТА СВ. МАРКА, ЕВАНГЕЛІСТА.

Ян, празваны Маркам, быў вучнем і перакладчыкам святога апостала Пятра, які называў яго «сваім сынам». Святы Марк з’яўляецца аўтарам другога Евангелля, найкарацейшага з чатырох. Мяркуюць, што Марк напісаў яго па просьбе Пятра і з яго словаў. Паводле Новага Запавету, Марк быў сынам Марыі з Ерузалему, у доме якой рэгулярна збіраліся першыя хрысціяне. Марк спадарожнічаў Паўлу і свайму сваяку Барнабу ў першых місіянерскіх падарожжах у Антыёхію, а затым дапамагаў Паўлу падчас яго зняволення ў Рыме. 

У Вечным горадзе ён таксама блізка супрацоўнічаў з Пятром і, праўдападобна, напісаў Евангелле. Пасля мучаніцкай смерці Князя апосталаў Марк накіраваўся з місіяй на Усход. Дакладных звестак пра яго далейшы лёс засталося вельмі мала. Лічыцца, што ён быў першым біскупам Александрыі, дзе дзякуючы яго дзейнасці станавілася ўсё больш і больш хрысціянаў. Раздражнёныя гэтым пагане схапілі Марка, калі ён служыў святую Імшу, і цягнулі яго на вяроўцы па вуліцах горада. Не перажыўшы такога здзеку, на наступны дзень Марк памёр. Яго рэліквіі знаходзяцца ў катэдры Сан Марка ў Венецыі, апекуном якой ён з’яўляецца. Сімвал евангеліста — леў. Ён лічыцца апекуном пісьменнікаў і мастакоў, праз яго заступніцтва сяляне просяць добрага надвор’я і спрыяльных дажджоў.

29 красавіка  (субота): СВЯТА СВ. КАЦЯРЫНЫ СІЕНСКАЙ, ПАННЫ І ДОКТАРА КАСЦЁЛА, АПЯКУНКІ ЕЎРОПЫ. 

Кацярына Бенінказа нарадзілася ў 1347 г. і была 24-м дзіцем у сям’і фарбавальшчыка з Сіены (Цэнтральная Італія). Ва ўзросце 12 гадоў Кацярына, згодна з жаданнем бацькоў, павінна была выйсці замуж, аднак глыбокая рэлігійнасць і багатае ўнутранае жыццё схілілі яе да таго, каб уступіць у трэці закон дамініканаў. У кляштары Кацярына навучылася чытаць і пазнаёмілася з навукай Касцёла. Кнігі і стасункі з вялікімі законнікамі сфармавалі яе духоўнасць і адкрылі шлях да незвычайных містычных перажыванняў. 

Паводле ўласных словаў святой, яна перажыла «духоўныя заручыны» з Хрыстом. Сваім гераічным хрысціянскім жыццём, напоўненым самаахвярнай любоўю да бліжніх у імя Хрыста, яна прыцягнула да сябе шмат прыхільнікаў з усіх сацыяльных слаёў. Разам з тым з’явіліся і нядобразычліўцы, якія крытыкавалі святую за смеласць, што здавалася ім «непрыстойнаю». У 1376 г. Кацярына прыбыла ў Авіньён, дзе знаходзілася рэзідэнцыя Папаў, каб пераканаць тагачаснага Папу Грыгорыя ХІ вярнуцца ў Рым. Хоць і нельга сказаць, што гэта была выключна яе заслуга, але яе намаганні, напэўна, паспрыялі вяртанню, якое адбылося ўжо праз год. 

Падчас падзелу Заходняга Касцёла Кацярына актыўна падтрымлівала законнага Папу і па яго просьбе пераехала ў Рым. Там яна і памерла ва ўзросце 33 гадоў, у апошнія гады жывячыся выключна Эўхарыстыяй. Яна пакінула мноства лістоў і «Трактат аб Божым Провідзе», дзе акрамя яе містычнага вопыту выказваецца таксама заклапочанасць станам тагачасанага Касцёла і грамадства. 

1. Сёння  свае імяніны святкуюць Папа Францішак і біскуп Юрый Касабуцкі.

2. У наступную нядзелю распачынаем запісы на летні дзіцячы лагер.

3. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласк


AddThis Social Bookmark Button