Пасхальная Вігілія 2017


У ноч з суботы на нядзелю паводле найстаражытнейшай традыцыі адбываецца чуванне (лац. вігілія) на ўшанаванне Пана. Вігілія гэтай ночы, якая з’яўляецца найважнейшай і найбольш значнай з усіх урачыстасцяў, уключае шмат прыгожых старадаўніх абрадаў. Пачынаецца яна з Літургіі святла, падчас якой адбываецца благаслаўленне агню і пасхала — вялікай свечкі, што з’яўляецца сімвалам Хрыста і важным элементам літургіі.

Затым спяваецца старадаўні грыгарыянскі спеў Exsultet, у якім абвяшчаецца радасная вестка пра ўваскрасенне Пана, пасля чаго ў Літургіі Слова, значна больш працяглай, чым звычайна, Касцёл разважае пра цуды, ад стварэння свету ўчыненыя Богам дзеля збаўлення чалавецтва. Трэцяя частка Вігіліі — гэта Літургія Хросту, падчас якой асвячаецца вада і адбываецца хрост тых, хто рыхтаваўся прыняць гэты сакрамэнт, а ўсе астатнія вернікі аднаўляюць свае хросныя абяцанні. Нарэшце, адбываецца Эўхарыстычная Літургія, у якой адбываецца ўспамін смерці і ўваскрасення Пана праз складанне ў постацях хлеба і віна ахвяры Яго Цела і Крыві.


AddThis Social Bookmark Button