Скаўткі правялі Дзень Братэрскай Думкі


25 лютага скаўткі з Другога Мінскага звязу св. Барбары адзначылі  юбілей  заснавальніка скаўцкага руху Роберта Бадэн-Паўэла. 160-ю гадавіну з дня нараджэння Бі-Пі скаўткі вырашылі правесці па-хатняму і адсвяткаваць гэтую падзею ў парафіі св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Марыя-Кольбэ. Радасць святкавання раздзяліў са скаўткамі душпастыр звяза кс. Уладзімір Марушэўскі SChr.


Усё распачалося малітвай. Праз Ружанец дзяўчаты падзякавалі Добраму Богу за атрыманыя ласкі: Бадэн-Паўэла і скаўтынг у іх жыцці. А пасля… Пасля пачаліся прыгоды. Якое ж скаўцкае свята без прыгод і спаборніцтва? Кожнае кап’ё атрымала заданне купіць свечкі для імянінніка. Але крамаў навокал не шмат, асабліва са свечкамі. Больш спрытнай у гэтым апынулася кап’ё “Вавёрка”, якое вельмі хутка справілася з гэтым заданнем.


Пасля адбылося інтэлектуальнае спаборніцтва, якое падрыхтавалі шэфы. Тут скаўткам і зборнай камандзе шэфаў было прапанавана праявіць свае веды ў галіне скаўтынгу, гісторыі роднага краю і нават замежнай мовы. Лепшымі тут стала кап’ё “Ваўчыца”. Таксама кожнае кап’ё падрыхтавала касцюм сваёй жывёлы і яго кароткую прэзентацыю. Разам з іншымі коп’ямі ў гэтым конкурсе вельмі добра і творча праявіла сябе кап’ё “Сойка”.

Пасля падвядзення вынікаў быў салодкі стол з віншаваннем Бі-Пі і ўрачыстае шыхтаванне на заканчэнне. Усе цудоўна правялі час, а галоўнае - з’ядналіся духоўна з іншымі скаўтамі, якія ў гэты дзень таксама святкавалі нараджэнне Бадэн-Паўэла. Вось так прайшоў  Мінску Дзень Братэрскай Думкі – проста і з густам.

Наста Харкевіч, Вогнішча бл. Мар’яны Бярнацкай, Мінск


AddThis Social Bookmark Button